«Не як п'яны ішоў, а быццам ён такі круты». Аляксандра Герасіменя падрабязней распавяла пра напад
Алімпійская прызёрка кажа, што адразу звярнула ўвагу на будучага нападніка.
Аляксандра Герасіменя. Фота з яе інстаграма
— У пятніцу ранкам я па сваіх справах была на аўтавакзале «Варшава-Заходняя». Калі я вярталася на паркінг да сваёй машыны, насустрач мне ішоў мужчына — высокі, худы, славянскай знешнасці. Я звярнула ўвагу на тое, што ішоў ён неяк развязна ці што, з боку на бок. Не як п'яны, а быццам ён такі круты.
Аляксандра кажа, што была ў сваіх думках, таму не стала надаваць шмат увагі незнаёмцу. Чагосьці, што яе б моцна насцярожыла, спартсменка не пабачыла.
— Як мы параўняліся, я адчула моцны ўдар па галаве. У першую хвіліну я была ў шоку і не разумела, што здарылася. Пасля я абярнулася. Ён стаяў крыху ўдалечыні і глядзеў на мяне. Канечне, першая думка ў мяне была, што трэба падысці і разабрацца. Але ўзважыла ўсе за і супраць. Зразумела, што ён здаровы мужык, а я дзяўчына.
Спартсменка ўдакладняе, што нападнік нічога ёй не казаў — ні перад ударам, ні пасля.
Аляксандра з’ехала, але потым вырашыла, што нельга пакідаць здарэнне проста так.
— Калі ён нейкі хворы, дык трэба яго лячыць. Таму я крыху пазней пайшла ў паліцыю і падала заяву. Цяпер чакаю вынікаў. Адчуваю сябе ўжо добра, усё ж тры дні ўжо прайшлі. Першы час галава кружылася, балелі шыя і спіна.
Чытайце таксама:
У Мінску прадалі кватэру Герасімені
Аляксандра Герасіменя: Ніколі б дзеля камфорту не маўчала. Жыццё пад прэсінгам было б невыносным
Кватэру плыўчыхі Аляксандры Гераcімені не змаглі прадаць на аўкцыёне