У Еўропе стварылі кааліцыю па абароне ад балістычных ракет
Дзесяць еўрапейскіх краін уключна з Украінай абвясцілі пра стварэнне новай кааліцыі, якая будзе займацца развіццём сістэм абароны ад балістычных ракет. Да ініцыятывы ўжо далучыліся Вялікабрытанія, Германія, Данія, Іспанія, Італія, Нарвегія, Нідэрланды, Украіна, Францыя і Швецыя, паведамляе прэс-служба Елісейскага палаца.
Удзельнікі «кааліцыі ахвотных» на сустрэчы ў Парыжы 13 ліпеня. Фота: Teresa Suares/Pool Photo via AP
У сумеснай дэкларацыі адзначаецца, што ўдзельнікі плануюць аб'яднаць магчымасці сваёй абароннай прамысловасці, навуковых даследаванняў і практычнага вопыту для стварэння агульнай сістэмы супрацьракетнай абароны ў Еўропе. Падкрэсліваецца, што кааліцыя мае выключна абарончы характар і не накіраваная супраць якіх-небудзь народаў. Асобна адзначаецца вопыт Украіны, атрыманы падчас абароны ад расійскай агрэсіі.
Асноўным праектам новага аб'яднання стане паскораная распрацоўка сучасных сродкаў супрацьракетнай абароны, якія павінны дапоўніць ужо наяўныя сістэмы еўрапейскіх краін. На першым этапе ўдзельнікі маюць узгадніць агульныя патрабаванні, стварыць працоўныя групы, вызначыць механізмы кіравання кааліцыяй і падрыхтаваць план яе далейшага развіцця. Таксама плануецца сумеснае фінансаванне навуковых даследаванняў і больш актыўны абмен інфармацыяй. У будучыні да кааліцыі змогуць далучыцца і іншыя дзяржавы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўзмацненне супрацьракетнай абароны мае ключавое значэнне для бяспекі краіны. На яго думку, чым больш сродкаў для перахопу расійскіх балістычных ракет атрымае Украіна, тым менш магчымасцяў будзе ў Расіі выкарыстоўваць ракетныя ўдары як сродак ціску і тым больш шанцаў на пераход да перамоў.
Пра стварэнне кааліцыі было абвешчана ў дзень візіту Уладзіміра Зяленскага ў Парыж, дзе праходзіць сустрэча «Кааліцыі ахвотных».
Чытайце таксама:
Статкевіч: Украіна можа адказаць «бруднай бомбай» на расійскі ядзерны ўдар
Амерыканскія сенатары ўзгаднілі законапраект аб «пякельных санкцыях» супраць Расіі з Белым домам
Залужны: Не варта лічыць, што Расія ўжо прайграла вайну
Украінскай СПА не ўдалося збіць ніводнай балістычнай ракеты: патрэбныя ракеты для Patriot