БЕЛ Ł РУС

Еўракамісія спыняе фінансаванне Венецыянскага біенале

13.07.2026 / 21:12

Nashaniva.com

Еўрапейская камісія абвясціла пра спыненне далейшага фінансавання Венецыянскага біенале. Пра гэта паведаміла вярхоўная прадстаўніца Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас пасля пасяджэння Рады ЕС па замежных справах, піша Deutsche Welle.

Павільён Расіі на Венецыянскім біенале 2026 года. Фота: Marco Cappelletti

Раней віцэ-прэзідэнтка Еўракамісіі Хена Віркунен паведаміла, што ведамства рэкамендавала пазбавіць Венецыянскае біенале гранта ў памеры двух мільёнаў еўра. Гэта стала рэакцыяй на тое, што сёлета Расія ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны зноў удзельнічае ў выставе. Перад адкрыццём біенале супраць удзелу расійскага павільёна пратэставалі прадстаўніцы ўкраінскага руху Femen і ўдзельніцы расійскага панк-гурта Pussy Riot.

Прэзідэнт Венецыянскага біенале П'етранджэла Бутафуока растлумачыў рашэнне не адхіляць Расію ад удзелу тым, што арганізатары прытрымліваюцца прынцыпу свабоды выказвання.

Еўрапейская камісія таксама патрабавала ад арганізатараў тлумачэнняў адносна ўдзелу расійскага павільёна. У Бруселі лічаць, што яго прысутнасць можа супярэчыць санкцыйнаму рэжыму Еўрапейскага саюза, паколькі павільён належыць расійскай дзяржаве і яго ўдзел можа разглядацца як ускосная падтрымка Расіі.

Паводле слоў Каі Калас, на такое рашэнне адносна Венецыянскага біенале часткова паўплывала і нядаўняе вяртанне расійскіх спартсменаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах па рашэнні Міжнароднага алімпійскага камітэта. Калас заявіла, што ў той час, калі Расія працягвае вайну супраць Украіны і гінуць мірныя жыхары, культура і спорт не павінны выкарыстоўвацца для паляпшэння іміджу расійскай дзяржавы.

Паводле наяўнай інфармацыі, цяпер Еўрапейская камісія фінансуе праекты Фонду Венецыянскага біенале на агульную суму два мільёны еўра на працягу трох гадоў. Гэтыя сродкі прызначаліся для падтрымкі кінавытворчасці і развіцця імерсіўных тэхналогій.

Чытайце таксама:

Беларускі павільён у Венецыі называюць сёлета адным з найлепшых. ШМАТ ФОТА з адкрыцця

Галівудская актрыса Джыліян Андэрсан напісала пра свой удзел у беларускай выставе

«Беларусь — прыгожая, чыстая, але яе душаць кірзавыя боты». Беларускі павільён у Венецыі стаў сенсацыяй

Здранцвенне і страх. Беларусы ўдзельнічаюць у Венецыянскім біенале з ашаламляльным павільёнам ШМАТ ФОТА

Падало ў адстаўку міжнароднае журы Венецыянскага біенале. Гэта звязана з допускам на яго Расіі

Каментары да артыкула