Культура22

Беларускі павільён у Венецыі называюць сёлета адным з найлепшых. ШМАТ ФОТА з адкрыцця

Сярод гасцей былі Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава.

На адкрыцці Беларускай выставы на Венецыянскім біенале. У цэнтры — брытанская актрыса Рут Уілсан, Марыя Калеснікава і бізнэсовец Аляксандр Васілевіч, справа — мастак Уладзімір Цэслер. Фота тут і далей: прадастаўлена арганізатарамі

Тыдзень таму на 61‑м Венецыянскім біенале адкрыўся павільён «Афіцыйна. Неафіцыйна. Беларусь». Праект ужо стаў адным з самых заўважных і трапіў у агляды замежных журналістаў і крытыкаў.

Адкрыццё беларускага павільёна Венецыянскага біенале. Наведніца фатаграфуе працу гарадзенскага мастака Сяргея Грыневіча

The Art Newspaper — міжнароднае выданне пра мастацтва — у сваёй падборцы назвала беларускі праект найлепшым «неафіцыйным» павільёнам (ён праходзіць на біенале як паралельная падзея, бо нацыянальны павільён можа падавацца толькі праз дзяржаўныя структуры). Выданне падкрэсліла, што выстава з першых крокаў уцягвае гледача ў досвед цэнзуры, сачэння і страты свабоды: поле пшаніцы, зробленае з удзелам нядаўніх палітвязняў, металічныя «павукі» з турэмных кратаў, пах свежавыкапанай магілы на вясковых могілках, сведчанні палітвязняў у галасах Стывена Фрая і Джыліян Андэрсан, а таксама спавядальня, дзе наведніка сустракае сістэма распазнавання твару. 

Адкрыццё беларускага павільёна Венецыянскага біенале. Унутры канфесіяналу (спавядальні) з сістэмай сачэння і распазнавання твараў

Праект таксама трапіў у поле ўвагі ArtReview: выданне назвала яго змрочнай і трывожнай выставай і асобна адзначыла крыж з камер відэаназірання, шар з забароненых кніг, працы Сяргея Грыневіча і спавядальню, дзе наведнік адначасова назірае за іншымі і сам становіцца аб’ектам назірання. 

Беларуская кампазітарка Вольга Падгайская каля крыжа з камер відэаназірання на адкрыцці беларускага павільёна

Беларускі павільён адзначыла і газета Financial Times, назваўшы яго адным з найлепшых павільёнаў сёлетняга біенале. 

Каля ўваходу ў царкву, дзе размяшчаецца беларускі павільён

Адкрыццё «Official. Unofficial. Belarus» прайшло ў царкве святога Яна Евангеліста — адной з найстарэйшых прастораў Венецыі, заснаванай яшчэ ў XIII стагоддзі. Для каманды праекта месца мела прынцыповае значэнне. Адна з куратарак праекта Даніэла Каляда падкрэслівае: сёння тут праходзяць сустрэчы Венецыянскай камісіі — Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права, створанай пасля падзення Берлінскай сцяны. Гэта прастора еўрапейскай памяці, права і культуры. І менавіта ў такой прасторы цяпер прагучаў беларускі голас.

Адна з куратарак праекта Даніэла Каляда на адкрыцці павільёна
Куратаркі праекта Даніэла Каляда (злева) і Наталля Каляда з шэф-поварам Расмусам Мункам

Каляда кажа, што для каманды сёлетні ўдзел у біенале быў спосабам паказаць: беларускую культуру могуць прадстаўляць не толькі міністэрствы і дзяржаўныя інстытуцыі. Яна можа прыходзіць у Венецыю праз мастакоў, тэатр, музыку, дызайн, сведчанні палітвязняў і супольнасць людзей, якія страцілі магчымасць свабодна працаваць дома.

Адкрыццё беларускага павільёна Венецыянскага біенале

Выстава працуе як шматсэнсарны досвед. Глядач не проста бачыць сімвалы рэпрэсій — ён трапляе ў прастору, дзе кантроль мае форму, пах, гук і нават прысмак. Крыж з камер нагадвае пра нагляд, шар з кніг — пра цэнзуру, пах магілы — пра смерць і выціснутую памяць, арганная цішыня — пра страх гаварыць уголас.

Адкрыццё беларускага павільёна Венецыянскага біенале

Пах для выставы стварыла ўкраінская студыя ol.factory. The Art Newspaper апісвае яго як пах «цёплага жнівеньскага дня на маленькіх вясковых могілках са свежавыкапанай магілай». The Guardian пісаў яшчэ больш жорстка: гэта пах свежай магілы ў беларускай вёсцы напрыканцы жніўня, з кветкамі, якія ўжо пачалі гніць. 

Гукі працуюць не менш моцна. У прасторы спецыяльна аднавілі гістарычны арган для новай кампазіцыі Вольгі Падгайскай «Гук цішыні». Яна выконвала яе разам са сваім мужам, саксафаністам Віталем Апавым, які сёлета сам прайшоў праз беларускі ізалятар. Фінальнымі акордамі адкрыцця павільёна стала кампазіцыя «Бах гуляе па Мінску», якая прагучала з аднаго з двух ацалелых арганаў Венецыі.

Вольга Падгайская грае на адноўленым аргане падчас адкрыцця беларускага павільёна

Адна з прычын, чаму праект атрымаў такую ўвагу — удзел актораў сусветнага маштабу. Сведчанні нядаўна вызваленых беларускіх палітвязняў у выставе агучваюць Джыліян Андэрсан, Джуд Лоу, Стывен Фрай і Джаана Ламлі.

Настасся Рагатко на адкрыцці беларускага павільёна

Джыліян Андэрсан — актрыса, вядомая па «Сакрэтных матэрыялах», «Сэксуальнай адукацыі» і «Кароне» — напісала ў Instagram, што ганарыцца ўдзелам у праекце і тым, што дала свой голас гісторыям нядаўна вызваленых беларускіх палітвязняў. Паводле яе, гэтыя сведчанні расказваюць пра тое, што значыць страціць дом і сям’ю, наноў збіраць сябе і спрабаваць стварыць новы дом у іншай краіне.

«Данесці гісторыі гэтых мужных людзей да свету жыццёва важна», — адзначыла актрыса. 

На адкрыцці вечар вяла брытанская актрыса, лаўрэатка «Залатога глобуса» Рут Уілсан. Яна зачытала пасланне Святланы Алексіевіч

Сярод гасцей адкрыцця былі Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава, былы палітвязень і бізнэсмен Аляксандр Васілевіч, якому належала ўжо закрытая «Галерэя Ў». 6 мая выставу наведала Святлана Ціханоўская. 

Справа — Віктар Бабарыка. На адкрыцці беларускага павільёна

На адкрыцці былі таксама Саша Вальц і Ёхен Зандыг — заснавальнікі вядомай берлінскай кампаніі Sasha Waltz & Guests, адной з важных еўрапейскіх інстытуцый сучаснага танца і перформансу. 

Адкрыццё беларускага павільёна Венецыянскага біенале. У цэнтральнай нішы царквы — шар з забароненых у Беларусі кніг, у бакавых нішах — працы мастака Сяргея Грыневіча

Сярод гасцей былі і ўдзельнікі праекта: мастакі Уладзімір Цэслер і Сяргей Грыневіч, шэф-повар Расмус Мунк, а таксама прадстаўнікі міжнароднай арт-сцэны.

Расмус Мунк прамаўляе на адкрыцці беларускага павільёна. Гэты шэф-кухар стварыў для выставы круглыя аплаткі колеру беларускай турэмнай робы. Яны растаюць у роце адразу, як толькі дакранаюцца да языка. Але ў іх складзе ёсць спецыі, ад якіх язык і частка твару часова нямеюць
Надзея Зелянкова, Вольга Падгайская, Уладзімір Цэслер, Марыя Калеснікава, Аляксандр Васілевіч, Мікалай Халезін
Справа — мастак Сяргей Грыневіч

Паводле Даніэлы Каляды, выставу наведалі журналісты The Independent, ARTnews, Financial Times, The Times, The New York Times, ArtReview, The Guardian, а таксама прадстаўнікі галерэі Lisson, галерэі David Zwirner, галерэі Whitechapel, фонду Krupa Art Foundation, Брытанскага музея, Музея сучаснага мастацтва ў Варшаве і фонду Prada.

Для беларускага незалежнага праекта гэта вельмі высокі ўзровень увагі.

Але для Даніэлы галоўным стала не толькі прызнанне крытыкаў. Яна кажа пра адчуванне вялікай беларускай кампаніі. «Нам усім вельмі не хапае момантаў, калі можна шчыра радавацца адно за аднаго, адчуваць супольнасць і хаця б на паўгода атрымаць у Венецыі месца, куды заўсёды могуць прыйсці іншыя беларусы», — кажа яна.

Мікалай Халезін на адкрыцці беларускага павільёну

Паводле Даніэлы, беларускі «неафіцыйны павільён» стаў важным яшчэ і таму, што ў Венецыі з’явілася месца, дзе беларусы могуць убачыць сябе не толькі праз траўму, але і праз дасягненне. Гэта поспех мастакоў, музыкаў, тэатра, тых, хто збіраў інсталяцыі ў Варшаве, тых, хто не змог прыехаць у Венецыю праз дакументы, тых, хто застаўся ананімным, каб не падставіць блізкіх у Беларусі. Гэта поспех беларускай культуры, якая пасля гадоў рэпрэсій і выгнання ўсё ж выйшла на адну з галоўных сусветных сцэн і была пачутая. 

Настасся Рагатко і Антон Матолька на адкрыцці беларускага павільёна

***

Раней Беларусь ужо ўдзельнічала на Венецыянскім біенале — у 2019 годзе, а таксама ў 2015‑м і 2009-м. Тады беларускі павільён рыхтавалі афіцыйныя структуры: Міністэрства культуры, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і пасольства Беларусі ў Італіі. Цяперашнюю ж выставу рабіла каманда Беларускага свабоднага тэатра разам з мастакамі і кампазітарамі.

Каментары2

  • Жах
    19.05.2026
    Дзецям палітвязняў грошы сабраць ня могуць, затое на біенале ў Венецыі кожная Рагатка пралезла!
  • Ёсік
    19.05.2026
    Малайцы. Спроба паказаць сьвету, што у Беларусі акрамя калійных угнаеньняў, зубраў, ёсьць "цуд" - сядзіць на фатэлі фанат Адольфа Г., і за тое, каб не страціць уладу, зьдекваецца з народа, забівае яго, зьнішчае культуру, мову, гісторыю, краіну.

Цяпер чытаюць

Беларускі павільён у Венецыі называюць сёлета адным з найлепшых. ШМАТ ФОТА з адкрыцця2

Беларускі павільён у Венецыі называюць сёлета адным з найлепшых. ШМАТ ФОТА з адкрыцця

Усе навіны →
Усе навіны

Ці не здарацца летам масавыя адмены авіярэйсаў праз дэфіцыт паліва?

Па цяжкіх артыкулах будуць судзіць, верагодна, цэлую сям'ю3

У Мінску сталі пераносіць трамвайнае кальцо з ДС «Возера» бліжэй да цэнтра

У Пецярбургу прадпрымальнік з нажом прабраўся ў Эрмітаж і з імператарскага крэсла звярнуўся да Пуціна1

Кая Калас: Расія, Кітай і ЗША хочуць разбурыць Еўрасаюз8

Пяскоў звінаваціў Зяленскага ў падбухторванні з-за слоў пра Беларусь2

Украіна стварыла ўласную кіраваную авіябомбу3

€3,5 мільёна за прэпарат. Новы рэкордны збор на лячэнне дзіцяці закрыты ўсяго за пяць тыдняў

Рэпрадуктолаг распавяла, колькі ў Беларусі каштуе замарозіць яйцаклеткі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускі павільён у Венецыі называюць сёлета адным з найлепшых. ШМАТ ФОТА з адкрыцця2

Беларускі павільён у Венецыі называюць сёлета адным з найлепшых. ШМАТ ФОТА з адкрыцця

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць