Збой на БЧ: цягнікі з Полацка і Брэста затрымліваюцца на некалькі гадзін
На Беларускай чыгунцы адбыўся тэхнічны збой: цягнікі «Полацк — Брэст» і «Брэст — Масква» захраслі на станцыі Мінск-Пасажырскі і адхіліліся ад графіку.
Цягнік №657 Полацк — Брэст (адпраўленнем 13 ліпеня а 18:16) па тэхнічных прычынах быў вымушаны спыніцца на станцыі Мінск-Пасажырскі. Ён рухаецца з затрымкай каля 2 гадзін 45 хвілін.
А са станцыі Мінск-Пасажырскі са спазненнем адправіўся цягнік №28 Брэст — Масква. Чакаецца, што ў сталіцу РФ ён прыбудзе са спазненнем прыкладна на 1 гадзіну 20 хвілін.
БЧ прынесла прабачэнні пасажырам, аднак што менавіта зламалася і стала прычынай збою, не ўдакладніла. Падрабязнасці пра рух цягнікоў можна даведацца па тэлефоне даведачнай службы 105.