«Над горадам» Шагала прывезлі ў яго родны Віцебск
Адна з самых вядомых карцін Марка Шагала «Над горадам» упершыню за больш як сто гадоў вярнулася ў Віцебск. З 17 ліпеня яна будзе экспанавацца ў Віцебскім мастацкім музеі
Сёння віцебскія і маскоўскія спецыялісты правялі распакоўванне і агляд карціны. Усе работы яны праводзілі ў белых пальчатках, каб не нашкодзіць шэдэўру. Мастак-рэстаўратар Юрый Кегелеў праверыў стан палатна. Пасля гэтага бакі падпісалі акт прыёму-перадачы музейных прадметаў на часовае захоўванне і склалі ўліковую дакументацыю.
У музеі адзначылі, што арганізацыя выставы запатрабавала выканання строгіх патрабаванняў да транспартавання, страхавання, бяспекі і захоўвання мастацкіх каштоўнасцяў. У падрыхтоўцы праекта ўдзельнічалі дзяржаўныя службы, музейныя спецыялісты і прадстаўнікі бізнэсу.
Выстава арганізаваная ў фармаце «адной карціны»: палатно займае цэнтральнае месца ў асобнай экспазіцыйнай зале. Акрамя яго, наведвальнікі змогуць убачыць дзве работы Юдэля Пэна — настаўніка Марка Шагала, якія былі дастаўленыя з Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Карціна «Над горадам» лічыцца адным з галоўных шэдэўраў мастака. На ёй Шагал адлюстраваў сябе і сваю жонку Белу, якія ляцяць над Віцебскам. Горад паказаны не дакладна, а праз успаміны і мастацкае ўяўленне аўтара, хоць на палатне можна пазнаць асобныя гістарычныя будынкі.
Палатно было створана ў 1918 годзе, калі мастак жыў у родным горадзе. У 1919 годзе карціну ўпершыню паказалі на мастацкай выставе ў Петраградзе, пасля чаго яна больш не вярталася ў Віцебск. З 1929 года твор захоўваецца ў калекцыі Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве.
Чытайце таксама:
Шэдэўр Марка Шагала «Над горадам» упершыню прыедзе ў Беларусь
У Віцебску прадаюць будынак былога хедэра, дзе вучыўся Марк Шагал