БЕЛ Ł РУС

У Аўстраліі ўсе сочаць за цюленем, які рэгулярна знішчае дарожныя конусы. Навукоўцы тлумачаць, чаму

16.07.2026 / 20:24

Ідаля Салавей

Пяцігадовы цюлень па мянушцы Ніл стаў сапраўднай зоркай аўстралійскіх сацсетак. Відэа, дзе ён ляжыць пасярод дарог, залазіць у двары або плюшчыць дарожныя конусы, набіраюць мільёны праглядаў. Але, як тлумачаць спецыялісты, усё гэта — не капрызы жывёлы, а частка натуральнага працэсу.

Пяцігадовы цюлень па мянушцы Ніл. Фота: happstoryofficial / YouTube

Кожны год Ніл вяртаецца на пляжы каля Хобарта — сталіцы аўстралійскага штата Тасманія. Ён належыць да віду паўднёвых марскіх сланоў (Mirounga leonina) — найбуйнейшых цюленяў на планеце, якія атрымалі сваю назву дзякуючы вялікім памерам і характэрнаму «хабатку» ў самцоў. Менавіта тут Ніл праходзіць сезонную ліньку: пазбаўляецца старой поўсці і верхняга слоя скуры.

За апошні год Ніл прыкметна вырас. Як піша Science Alert са спасылкай на ацэнкі Дэпартамента прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Тасманіі, цяпер ён важыць каля адной тоны. Калісьці маленькае дзіцяня было вышынёй прыкладна з дарожны конус, а цяпер лёгка яго знішчае. І робіць гэта рэгулярна.

Нягледзячы на свае памеры, Ніл даволі спрытна перамяшчаецца па наваколлі. За апошнія гады яго неаднаразова знаходзілі спячым проста на дарозе, у прыватных дварах, каля дамоў і аўтамабіляў. Калі нешта прыцягвае яго ўвагу, ён лёгка праціскаецца праз агароджы і нават можа з разгону ўрэзацца ў дзверы гаспадарчых пабудоў.

Асаблівую любоў Ніл мае да дарожных конусаў. Калі цюлень засынае ў грамадскіх месцах, супрацоўнікі агароджваюць яго яркімі пластыкавымі знакамі. Але вельмі хутка яны аказваюцца пад яго целам. Часам Ніл кладзе на іх галаву або падсоўвае пад ласты.

Навукоўцы кажуць, што ў гэтым няма нічога дзіўнага. Падчас лінькі марскія сланы імкнуцца церціся аб розныя прадметы, каб хутчэй пазбавіцца старой скуры. Таму конусы, агароджы і іншыя перашкоды становяцца для Ніла своеасаблівымі часалкамі.

Папулярнасць цюленя расце гэтак жа хутка, як і ён сам. Ягоная аўдыторыя ў TikTok ужо дасягнула 1,7 мільёна падпісчыкаў, а паглядзець на Ніла ўжывую прыязджаюць сотні людзей.

Аднак спецыялісты папярэджваюць, што з узростам марскія сланы становяцца больш тэрытарыяльнымі і могуць паводзіць сябе агрэсіўна. Таму супрацоўнікі прыродаахоўных службаў уважліва сочаць за Нілам і пры неабходнасці перамяшчаюць яго далей ад дарог і іншых небяспечных месцаў. Яны падкрэсліваюць, што гэтыя метады не шкодзяць жывёле.

Фота: neiltheseal316 / TikTok

Турыстаў і мясцовых жыхароў просяць не набліжацца да Ніла бліжэй чым на 20 метраў. Назіраць за самым вядомым цюленем Тасманіі лепш здалёк — нават калі ў інтэрнэце ён выглядае вельмі міла.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула