БЕЛ Ł РУС

Азаронак расказаў, як павінен быў ехаць у адной машыне з Дар'яй Дугінай, але не зраслося

16.07.2026 / 17:55

Nashaniva.com

Лукашысцкага прапагандыста Рыгора Азаронка запрасілі ў расійскую Z-праграму «Бункер на Лубянцы», у эфіры якой ён расказаў пра тое, што нібыта ў жніўні 2022 года павінен быў прыехаць на падмаскоўны фестываль «Традыцыя» і ехаць у адной машыне з загінулай у выніку выбуху дачкой Аляксандра Дугіна Дар'яй. 

Рыгор Азаронак

Азаронак успамінае, што пазнаёміўся з Дар'яй Дугінай падчас адной са сваіх шматлікіх паездак на акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі. 

«Я пабачыў яе, яна суправаджала замежных журналістаў. Яна суправаджала нейкіх французаў, італьянцаў, туркаў, і гаварыла на ўсіх гэтых мовах… Я падумаў — якая прыгожая францужанка, як яе сюды занесла. А пасля аказалася — руская дзяўчынка».

Дар'я Дугіна

Пасля ён з Дугінай разгаварыўся і пазнаёміўся, прытым аказалася, што іхнія бацькі былі знаёмыя з 1990‑х гадоў, бо «Дугін і Лімонаў прыязджалі ў Беларусь арганізоўваць вуліцу супраць нацыяналістаў», а бацька Рыгора, Юрый Азаронак, як вядома, тады таксама быў адным з вядучых лукашэнкаўскіх прапагандыстаў, які стаяў на выразна прарасійскіх пазіцыях.

«Мы так сышліся, некалькі месяцаў камунікавалі, і яна мяне клікала на фестываль «Традыцыя» ў 2022 годзе, які адбыўся 18‑19 жніўня, вельмі добра гэта памятаю. А я адправіўся ў Энергадар, таму што там білі па Запарожскай АЭС. […] Даша мяне клікала, зразумела, у якой я машыне ездзіў бы. Такая трагічная гісторыя, і да гэтай пары яна мяне не адпускае», — заявіў Азаронак. 

Дар'я Дугіна (Платонава) — палітычная аглядальніца, дачка расійскага філосафа Аляксандра Дугіна, аднаго з галоўных ідэолагаў «рускага свету», «еўразійства» і расійскага імперыялізму, які актыўна выступае за вайну.

Дугіна загінула 20 жніўня 2022 года ў выніку падрыву аўтамабіля ў Падмаскоўі, якім яна кіравала. Невядома, ці была мішэнню яна сама або ўсё ж яе бацька, які не паехаў з ёй, у апошні момант чамусьці перасеўшы ў іншую машыну.

У 2023 годзе быў апублікаваны дзённік Дугінай «Топі і высі майго сэрца. Дзённік», у якім ёсць згадкі і пра Рыгора Азаронка.

Чытайце таксама:

«І я пацалую табе руку, калі будуць курчыцца Фукуяма, Леві і Кісінджэр». Як Азаронак фліртаваў з Дугінай

Забойствы Дар'і Дугінай і Уладлена Татарскага раскрылі пры дапамозе штучнага інтэлекту — СК Расіі

Ва ўцечках ЗША раскрываецца інфармацыя аб меркаваных арганізатарах забойства Дар'і Дугінай

Азаронак склаў беларускі «спіс Дугінай»

«Дугін меў ехаць на гэтай машыне, але сеў у іншую». Узарвалі дачку ідэолага расійскага імперыялізму Дугіна

Захад, Украіна, Крэмль, Лукашэнка? Хто можа стаяць за забойствам Дар'і Дугінай?

Каментары да артыкула