БЕЛ Ł РУС

Вынеслі прысуд гродзенскаму блогеру, якога вінавацілі ў махінацыях са зборам на Ваню Сцяцэнку

16.07.2026 / 17:19

Nashaniva.com

Суд у Гродне вынес прысуд блогеру Міхаілу Драгуну па крымінальнай справе, звязанай са зборам сродкаў на лячэнне цяжкахворага хлопчыка Вані Сцяцэнкі. 16 ліпеня яго асудзілі да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі, паведаміла сяброўка блогера Яўгенія Тарасенка. Менавіта такое пакаранне раней прасіў прызначыць дзяржаўны абвінаваўца.

Міхаіл Драгун. Скрыншот з відэа

Суд прызнаў Драгуна вінаватым у прычыненні маёмаснай шкоды шляхам падману і злоўжывання даверам, а таксама ў паклёпе. Акрамя таго, каля 130 тысяч рублёў, якія суд прызнаў даходам ад злачынства, канфіскаваныя ў даход дзяржавы.

Крымінальная справа пачалася ў лістападзе 2025 года, калі праваахоўныя органы паведамілі пра затрыманне двух гродзенскіх блогераў — Міхаіла Драгуна і Яўгеніі Тарасенкі. Іх падазравалі ў парушэннях падчас дабрачыннага збору сродкаў на лячэнне Вані Сцяцэнкі.

Паводле матэрыялаў следства, на той момант 17‑гадовы юнак прапанаваў маці хворага 9‑гадовага хлопчыка дапамогу ў зборы сродкаў праз свой Instagram. Аднак калі грошы пачалі паступаць, ён вырашыў выкарыстоўваць іх уласных мэтах.

Для збору ён задзейнічаў некалькі SIM-карт і больш за 20 банкаўскіх рахункаў, якія яму далі знаёмыя і родныя. Таксама ён прыцягнуў да арганізацыі збору сваю 37‑гадовую сяброўку-блогерку Яўгенію Тарасенку. Раней яны затрымліваліся па гэтай справе разам, але пасля прызналі, што жанчына нібыта не ведала пра сапраўдныя намеры юнака.

У выніку на ўсе рахункі паступіла больш за 2 мільёны рублёў. Аднак замест дапамогі дзіцяці значную частку гэтых грошай хлопец выдаткаваў на асабістыя патрэбы: дарагое жыллё, рэстараны, забавы, падарожжы і падарункі падпісчыкам для развіцця свайго акаўнта. На лячэнне хлопчыка была перададзена толькі невялікая частка сродкаў.

Акрамя гэтага, следства выявіла яшчэ адзін эпізод: блогер нібыта апублікаваў у сацсетках хлуслівую інфармацыю пра сваю знаёмую, абвінаваціўшы яе ў крадзяжы грошай. Так ён адпомсціў ёй за тое, што яна адмовілася перадаць яму доступ да сродкаў.

Па выніках расследавання Міхаілу Драгуну выставілі абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 216 (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае шляхам атрымання маёмаснай выгады ў выніку падману і злоўжывання даверам, на вялікую суму) і арт. 188 (паклёп). 

Суд прызнаў яго вінаватым па абодвух абвінавачаннях і прызначыў пакаранне ў выглядзе паўтара года пазбаўлення волі.

У СІЗА Драгун знаходзіцца з сярэдзіны снежня 2025 года, а паколькі для непаўналетніх дзень у СІЗА залічваецца за два, то да выхаду на свабоду яму застаецца ўжо не так шмат часу.

Чытайце таксама:

Ваню Сцяцэнку з Гродна нарэшце ўвялі даражэнны прэпарат

17‑гадовага гродзенскага блогера зноў затрымалі, ужо па новай справе за паклёп

«Я не прысвойваў сабе мільён». 17‑гадовы блогер з Гродна, які збіраў грошы на лячэнне дзіцяці, распавядае сваю версію

Блогер з Гродна, якога абвінавацілі ў махлярстве на грашах для хворага дзіцяці, у інстаграме пракаментаваў сваю справу

Каментары да артыкула