Дзесяць гадоў таму дзве пары маладажонаў выпадкова сустрэліся на мосце ў Ваўкавыску. А цяпер знайшлі адны адных у сацсетках
Ці спрацавала знакамітая прыкмета, якая павінна была забяспечыць моц шлюбаў?
У гадавіну вяселля беларуска Вераніка Рыбак вырашыла згадаць у сацсетках цікавы выпадак, які адбыўся дзесяць гадоў таму.
16 ліпеня Ваўкавыск святкаваў Дзень горада: Вераніку з жаніхом Янам распісалі ў райвыканкаме, а нататку пра іх вяселле апублікавалі ў мясцовай газеце. Маладзёны потым жартавалі, што нават і салют зрабілі спецыяльна для іх.
Вераніка і Ян у 2016
На фотасесію Вераніка і Ян паехалі ў санаторый «Пралеска». Па дарозе быў мост. Адразу згадалі пра даўнюю традыцыю: муж павінен перанесці жонку на руках — і калі ў яго атрымаецца гэта зрабіць, дык шлюб будзе доўгім і ніякія цяжкасці яму не страшныя.
На мосце пара сустрэла іншых маладажонаў — нявесты, якія былі на руках, павіталіся і хуценька павіншавалі адна адну. А потым жаніхі разышліся ў розныя бакі.
За гады шлюбу ў Вераніцы з мужам нарадзілася двое дзяцей. Дзясятую гадавіну вяселля яны вырашылі адсвяткаваць маштабна. І ў працэсе падрыхтоўкі знайшлі той самы здымак з іншай парай, зроблены на мосце.
Жанчыне стала цікава, хто ж былі тыя маладзёны і як склалася іх жыццё. Яна напісала допіс у Threads і апублікавала здымак, спадзеючыся, што героі фота сябе пазнаюць: «Вельмі спадзяюся, што ў людзей усё добра. І было б цікава даведацца пра іх лёс. А раптам яны ўжо не ў Беларусі, а недзе ў сваім доме на Кіпры? Калі гэта не так, дык шчыра ім гэтага пазычу».
Вераніка і Ян цяпер
Допіс хутка завірусіўся. А другая нявеста знайшлася літаральна праз гадзіну — ёй аказалася Лада Целеш. Жанчына прызналася, што таксама часта згадвала тую дзіўную сустрэчу.
Лада і Дзмітрый у 2016
Яны з мужам Дзмітрыем таксама шчасліва жывуць у шлюбе — праўда, цяпер ужо ў Мінску. У сям’і падрастае трое дачок.
Лада і Дзмітрый цяпер
А ў Threads абедзве сям’і атрымалі шмат віншаванняў ад незнаёмых людзей.
Чытайце таксама:
40‑гадовая мінчанка Наста шукае мужчыну. Галоўнае патрабаванне — каб умеў касіць
Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны