БЕЛ Ł РУС

Былога гукарэжысёра БТ асудзілі да калоніі пасля вяртання з Польшчы

18.07.2026 / 12:33

Баляслаў Ліманоўскі

Юрый Трашчынскі больш за дваццаць гадоў працаваў на дзяржаўным тэлебачанні. Але пасля вяртання з-за мяжы яго затрымалі і кінулі за краты за супрацоўніцтва з незалежным радыё.

Юрый Трашчынскі. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках

Юрый Трашчынскі нарадзіўся 20 снежня 1967 года. У 1986—1988 гадах Трашчынскі праходзіў тэрміновую службу ў Маскве, прычым у элітным Крамлёўскім палку. Гэта тая закрытая вайсковая часць 1005, якая адказвала за бяспеку вышэйшага кіраўніцтва СССР, несла ганаровую варту і ахоўвала маскоўскі Крэмль.

Пасля паступіў у Мінскі радыётэхнічны інстытут (цяпер — БДУІР) і скончыў яго ў 1993 годзе. Больш за 20 гадоў мужчына адпрацаваў гукарэжысёрам у Белтэлерадыёкампаніі.

Па звестках «Радыё Рацыя», пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Юрый падпісаў петыцыю супраць гвалту з боку сілавікоў, а пазней з'ехаў у Польшчу.

Сілавікі затрымалі Трашчынскага 15 лістапада 2025 года, як толькі ён вярнуўся з-за мяжы ў Мінск. Спачатку былога гукарэжысёра кінулі на Акрэсціна на 15 сутак па адміністрацыйнай справе, але на волю ён так і не выйшаў.

Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу і перавялі ў мінскі СІЗА № 1, а напярэдадні суда этапавалі ў Гомель.

Судзілі Юрыя ў Гомельскім абласным судзе. 4 мая 2026 года суддзя Сяргей Салоўскі прызнаў яго вінаватым ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» за супрацоўніцтва з «Радыё Рацыя». 

Як паведамляла Беларуская асацыяцыя журналістаў, Трашчынскаму прысудзілі 2,5 года калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 22 500 рублёў. Прысуд ужо ўступіў у сілу — Трашчынскі адбывае пакаранне ў калоніі.

Чытайце таксама:

Выхавацеля вучылішча алімпійскага рэзерву з Мазыра асудзілі за замах на здраду дзяржаве

24‑гадовага медыка з Асіповіч асудзілі за палітыку

Удзельніка «Армейскіх гульняў» з Бакштаў асудзілі па пяці палітычных артыкулах

Каментары да артыкула