Пасля атакі па двух складах Wildberries маглі пацярпець да 15% складскіх плошчаў кампаніі
Пасля атакі беспілотнікаў на два лагістычныя цэнтры Wildberries у Маскоўскай і Тамбоўскай абласцях маглі быць пашкоджаныя каля 10—15% усіх складскіх плошчаў маркетплэйса. Такую ацэнку прывяла крыніца выдання The Bell, знаёмая з сітуацыяй у кампаніі.
Пажар на складзе Wildberries у Электрасталі пад Масквой. Скрыншот з відэа
Паводле слоў суразмоўцы, гэта не азначае поўнага спынення работы Wildberries, аднак можа стварыць сур'ёзную нагрузку на лагістыку, асабліва ў Маскоўскім рэгіёне, які з'яўляецца найбуйнейшым рынкам для кампаніі.
У ноч на 18 ліпеня беспілотнікі атакавалі лагістычныя цэнтры Wildberries у Электрасталі Маскоўскай вобласці і ў горадзе Катоўск Тамбоўскай вобласці. Паводле паведамленняў, у выніку атакі загінулі восем чалавек, яшчэ дзясяткі атрымалі траўмы. Афіцыйных даных пра дакладны маштаб пашкоджанняў складоў пакуль няма.
Кіраўніца Wildberries Таццяна Кім паведаміла, што кампанія разглядае пытанне выплат прадаўцам, чые тавары былі страчаныя ў выніку атакі. Пры гэтым яна адзначыла, што паводле дзейных умоў маркетплэйс не абавязаны кампенсаваць страты за пашкоджаныя або знішчаныя тавары.
Чытайце таксама:
Украінскія дроны ўдарылі і па складзе Wildberries у Падмаскоўі
Зяленскі пракаментаваў сённяшнія ўдары па складах Wildberries
Украіна нанесла ўдары па 13‑ці суднах у Азоўскім і Чорным морах