БЕЛ Ł РУС

Школьнае адзенне цяпер можна шыць толькі ў Беларусі

20.07.2026 / 23:17

Nashaniva.com

У Беларусі памянялі дзяржаўны стандарт на школьнае адзенне. Новыя патрабаванні пачнуць дзейнічаць з 13 жніўня. Стандарт распаўсюджваецца на адзенне для вучняў пачатковай, базавай і сярэдняй школы. Пры гэтым ён не датычыцца абутку і спартыўнай формы.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media 

Дзейны стандарт на школьнае адзенне быў уведзены ў 2018 годзе, а цяпер яго абнавілі, удакладніўшы шэраг патрабаванняў і тэрмінаў.

Адно з галоўных новаўвядзенняў — патрабаванне, каб школьнае адзенне, якое прэтэндуе на ўключэнне ў спецыяльны рэестр беларускіх вытворцаў, было пашыта на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, пры яго вытворчасці павінны пераважна выкарыстоўвацца тэкстыльныя матэрыялы, вырабленыя ў Беларусі або Расіі.

Таксама ўдакладняецца, што для касцюмнага, сукеначнага і трыкатажнага адзення не менш за 50 працэнтаў тканін, трыкатажных палотнаў або пражы павінны быць беларускай або расійскай вытворчасці. Гэта патрабаванне дзейнічае для вытворцаў, якія хочуць увайсці ў афіцыйны рэестр школьнага адзення.

Акрамя гэтага, стандарт стаў больш строгім у частцы патрабаванняў да якасці прадукцыі. У прыватнасці, павышаныя нормы трываласці тканіны і яе ўстойлівасці да ўтварэння галачак.

Таксама стандарт цяпер выкарыстоўваецца пры добраахвотнай сертыфікацыі школьнага адзення. На яго аснове будзе фарміравацца інтэрнэт-рэестр беларускіх вытворцаў, прадукцыя якіх адпавядае ўстаноўленым патрабаванням. Гэты рэсурс прызначаны для таго, каб школы і бацькі маглі атрымаць актуальную інфармацыю пра айчынных вытворцаў.

З 1 верасня 2025 года дзелавы стыль адзення стаў абавязковым для беларускіх школьнікаў. Гэта патрабаванне замацавана ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі.

Чытайце таксама:

У Мінску на беларускай мове вучыцца 1,6% школьнікаў — жахлівая статыстыка русіфікацыі

У Беларусі ствараюць Акадэмію нацыянальнай адукацыі

«Толькі два чалавекі з класа не пайшлі ў піянеры». Бацькі — пра прапаганду ў школах

Каментары да артыкула