БЕЛ Ł РУС

Пара з Гродна прыехала ў Мінск, каб аддаць аферыстам усе грошы

21.07.2026 / 09:09

Nashaniva.com

Усё пачалося са званка ў месенджары нібыта ад сартавальнага цэнтра «Белпошты»: жанчыне паведамілі пра заказны ліст з падатковай і папрасілі назваць код з SMS. 

Затым ёй патэлефанаваў лжэ-супрацоўнік цэнтра кібербяспекі. Ён заявіў, што ад яе імя ажыццяўляюцца пераводы грошай за мяжу (на суму 10 тысяч рублёў), і для вырашэння праблемы трэба выконваць указанні «юрыста Нацыянальнага банка». Тая запатрабавала падпісаць заяву аб неразгалошванні інфармацыі, паведамляе «Міліцыя Мінска».

Пасля адбыўся відэазванок ад лжэ-праваахоўніка. Ён прыгразіў ператрусам і канфіскацыяй зберажэнняў, прапанаваўшы «бяспечны» варыянт — задэклараваць грошы і перадаць іх на экспертызу.

Муж жанчыны таксама паверыў у гэтую гісторыю. Пара сабрала ўсе сямейныя зберажэнні — 60 тысяч рублёў у эквіваленце — і адвезла наяўныя ў Мінск, дзе перадала іх кур'еру каля аднаго са сталічных храмаў.

Падман раскрыўся, калі муж і жонка расказалі пра здарэнне дачцэ. Яна адразу зразумела, што гэта махлярства, пра якое неаднаразова чула з медый.

Аператыўнікі ўстанавілі асобу кур'ера. Ім аказаўся жыхар суседняй дзяржавы, які вывез грошы і перадаў іх пасярэдніку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула