Трамп хоча, каб Інфанціна стаў генеральным сакратаром ААН
Трамп лічыць, што прэзідэнта ФІФА паважаюць ва ўсім свеце.
Джані Інфанціна і Дональд Трамп рыхтуюцца ўручаць медалі пасля фіналу чэмпіянату свету. Фота: Jacquelyn Martin / AP
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп хацеў бы бачыць прэзідэнта ФІФА Джані Інфанціна на пасадзе генеральнага сакратара ААН, паведамляе New York Post.
Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) зблізіўся з Трампам падчас арганізацыі і правядзення чэмпіянату свету па футболе 2026 года. У снежні мінулага года ён уручыў Трампу прэмію міру ФІФА.
Паводле крыніцы выдання, блізкай да прэзідэнта ЗША, Трамп лічыць, што Інфанціна «паважаюць ва ўсім свеце», і прызнае, што «ён валодае асаблівай здольнасцю аб'ядноўваць людзей».
Новы генеральны сакратар ААН будзе абраны сёлета на змену партугальцу Антонію Гутэрышу, які пакіне пасаду ў канцы снежня. Каб заняць гэтую пасаду, Інфанціна неабходна будзе атрымаць падтрымку ўсіх 15 членаў Савета Бяспекі ААН, пры гэтым пяць пастаянных членаў маюць права вета. Пасля гэтага кандыдатуру павінна будзе зацвердзіць Генеральная Асамблея ААН.
Пакуль незразумела, ці сам Інфанціна зацікаўлены ў пасадзе генеральнага сакратара ААН і наколькі падрабязна Трамп абмяркоўваў з ім гэтае пытанне. Аднак, як адзначае New York Post, кіраўнік ЗША бачыць рэальную магчымасць для такога прызначэння на фоне сямі кандыдатаў, якіх адзін з інсайдараў ахарактарызаваў як «слабых».