БЕЛ Ł РУС

Расія ўдарыла авіябомбай па Паўлаградзе — трое загінулых і дзясяткі параненых

23.07.2026 / 17:06

Nashaniva.com

23 ліпеня ў 12:00 расійскія войскі нанеслі ўдар кіраванай авіябомбай па Паўлаградзе ў Днепрапятроўскай вобласці Украіны. Па словах кіраўніка Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Аляксандра Ганжы, цэллю для атакі стала прадпрыемства харчовай прамысловасці.

У выніку ўдару загінулі тры чалавекі. Яшчэ 28 атрымалі раненні, сярод іх — двухгадовая дзяўчынка. Паведамляецца, што трое пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане, дактары змагаюцца за іх жыццё.

Пасля трапляння авіябомбы на прадпрыемстве ўспыхнуў пажар.

Старшыня Днепрапятроўскай абласной рады Мікола Лукашук заявіў, што Паўлаград фактычна становіцца прыфрантавым горадам. Паводле яго слоў, гэта азначае меншы час на рэагаванне на паветраныя пагрозы і павышаную небяспеку для мірнага насельніцтва.

Гэта ўжо не першы ўдар кіраванай авіябомбай па Паўлаградзе. 20 ліпеня расійскія войскі ўпершыню выкарысталі такую зброю супраць горада. Тады быў пашкоджаны жылы дом, загінулі два чалавекі, яшчэ 15, у тым ліку дзеці, атрымалі раненні.

Пасля новай атакі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў міжнародных партнёраў павялічыць пастаўкі ракет для сістэм супрацьпаветранай абароны, у прыватнасці для комплексаў Patriot, адзначыўшы, што гэта неабходна для больш эфектыўнай абароны насельніцтва ад расійскіх авіяцыйных удараў.

Чытайце таксама:

Расія ўдарыла днём па Запарожжы і ваколіцах

У Беларусі праводзяць актыўную мадэрнізацыю бамбасховішчаў

«Вы так і перадайце: пойдуць сюды — хана ім будзе!» Рэпартаж з украінскіх вёсак за 500 метраў ад Беларусі

Каментары да артыкула