Вайна55

«Вы так і перадайце: пойдуць сюды — хана ім будзе!» Рэпартаж з украінскіх вёсак за 500 метраў ад Беларусі

Амаль адразу за Чарнігавам трапляецца першы буйны знак з надпісам «Гомель». Тут, як і ў шмат якіх месцах Украіны, па-ранейшаму стаяць указальнікі з назвамі беларускіх гарадоў, нягледзячы на падзеі апошніх гадоў. «Белсат» пабываў у вёсках пад самай Беларуссю, і распавядае, як там жывуць людзі, што думаюць пра палітыку, што кажуць пра дроны над галовамі.

Да Гомеля ад Чарнігава каля 90 км. Машын па дарозе сустракаем няшмат і, што зусім адрозніваецца ад даваенных і дакавідных часоў, — ніводнага аўтобуса.

Затое цяпер за вокнамі перыядычна мільгацяць фартыфікацыі, па дарозе стаяць блок-пасты, на шляху да Дабранкі, што ля самай мяжы, іх некалькі. Людзі ў вайсковай форме глядзяць дакументы і зычаць добрай дарогі. На дзіва, нідзе не звяртаюць увагі на беларускія пашпарты, хаця звычайна гэта выклікае правяранні з высвятленнем абставінаў, хто, куды, адкуль і навошта едзе, на якой падставе перабывае ва Украіне.

Прыдарожны знак на чарнігаўскай трасе. Чарнігаўская вобласць, Украіна, ліпень 2026 года. Фота: Белсат

«Напэўна, папярэдзілі ўсіх, што мы будзем ехаць», — кажа валанцёрка Алёна Жаркевіч, якая вязе ў памежжа гуманітарную дапамогу.

На вуліцах Дабранкі акрамя нас амаль нікога, хоць паселішча насамрэч вялікае, тут жыве больш як 2000 асобаў, з іх засталося ўсяго чацвёра беларусаў.

Ахвяра абставінаў

Пакуль валанцёры бяруць пакункі, мясцовая чыноўніца кліча гаспадыню, грамадзянку Беларусі Марыю (імя змененае), якая прыехала з Гомеля ў Дабранку даглядаць маму і ў першы год вайны засталася адна.

«Выехаць ужо нельга. Пенсія там, усё там, жыві як хочаш — хоць падыхай, — распавядае сціплая жанчына ў хустцы. — Ой, страшна сказаць, як я выжываю. Добра, што я яшчэ працаваць магу, дык пасадзіла гарод. Што лепшае вырашчу — бульбу, буракі, моркаўку, радыску — іду ў цэнтр прадаю, і ёсць грошы на хлеб, заплаціць за святло. А больш ніяк: колькі ні прасіла, ні выбівала — пенсія там так і засталася. «Вы ахвяра абставінаў», — кажуць», — апавядае сваю гісторыю жанчына.

Дом Марыі. Дабранка, Чарнігаўская вобласць, Украіна, ліпень 2026 года. Фота: Белсат

У Беларусь яна хацела б паехаць, але ненадоўга — забраць пенсію, якая збіраецца ўжо тры гады, але ёй гэтая дарога не па сілах. На прапанову валанцёраў аплаціць паездку хвалюецца:

«Атрымаю пенсію і вярну вам усё, бо я так не магу, а зараз у мяне няма грошай. Дажылася да такога… Бачыце, нават пакасіць няма каму — трэба заплаціць, а няма чым. І здароўем не магу пахваліцца: калісьці нагу з 11 кускоў хірургі сабралі».

Траўма замінае самотнай жанчыне ў вясковым жыцці. За папярэднія зімы вытапіла дровы, што засталіся ад маці, купіць пакуль, зноў жа, няма за што — трэба, кажа, ісці ў лес. Але яшчэ спадзяецца, што здолее зарабіць «хоць на паўпрычэпа».

«Я на гародзе да цямна. Учора дроны ляцяць, так моцна гудзяць — страшна. Кладуся ў бульбу і ляжу: людзі ж калісьці ў вайну так хаваліся».

Яшчэ пенсіянеркі без пенсіяў

За Марыю хвалюецца суседка па вёсцы, невысокая худзенькая Ганна (імя змененае) гадоў 50-ці. Пакуль была магчымасць, яна дапамагала, а цяпер дапамогі патрабуе сама.

«Вы з Беларусі? Жартуеце?! — здзіўлена замірае на месцы жанчына, калі ля двара спыняюцца незнаёмыя машыны. — Як бы мне туды прабрацца працягнуць дамову з банкам на выплату пенсіі».

У Ганны каля плоту пасаджаныя кветкі, на ўнутраным падворку бегаюць куры. У доме ў кухні стаіць відэакамера — прыглядаць за маці, якая страчвае памяць. Адна радасць у Ганны — тут ва Украіне дачка і ўнукі. А ў Гомелі — усяго за 40 км адсюль — анкахворы муж, з якім не бачылася 4,5 гады.

«Я ўсім пахвалюся, што мне так беларусы дапамаглі. Мы выжываем на адну маміну пенсію. Цяжка, канешне… Але я яшчэ нічога — вось Машы зусім дрэнна».

Запіска на халадзільніку ў доме Ганны. Дабранка, Чарнігаўская вобласць, Украіна, ліпень 2026 года. Фота: Белсат

Пад'язджаем да яшчэ адной яскравай хаты — да Вольгі (імя змененае). Каб пражыць, жанчына таксама трымае курэй, агарод, ходзіць у ягады і грыбы. Гадуе двух сабакаў і рудога ката.

«Я б паехала ў Гомель пабачыць дзяцей, вельмі б хацела. Але на зусім — не: у мяне сёстры тут, на здароўе ўжо слабаватыя, адна з інваліднасцю».

«Не баіцеся заставацца? Кажуць, можа быць яшчэ адно наступленне з боку Беларусі», — запытваюць валанцёры.

«А чаго мне баяцца? 74 гады ўжо! Хіба маладых шкада. Ды я і не думаю, што нехта пойдзе сюды», — адказвае жанчына.

Калі паглядзець на «вонкавыя контуры» Дабранкі, да суседняй краіны тут у сярэднім не болей за паўкіламетра, месцамі метраў 200—300.

Адна з вуліцаў выводзіць на дарогу «за кардон», там стаіць не дзейны ўжо колькі гадоў пункт спрошчанага пропуску. Нейкай нетыповай актыўнасці беларускіх памежнікаў мясцовыя не бачылі за ўвесь час. Кажуць: усё спакойна, але агулам «бывае ўсякае».

«У нас не сумна. А пра наступ кажуць з 2022 года, і, дзякуй богу, самі бачыце [нічога не сталася]», — акрэслівае сітуацыю мясцовая ўкраінка Вера, якая прымае ад валанцёраў рэчы на гуманітарную дапамогу. Але апавядае без падрабязнасцяў.

«Ну, быў такі ўсплёск «нелюбові» да беларусаў у 2022-м, і тое, ведаеце, на ўзроўні кіраўніцтва, для галачкі. Бо ў 90% жыхароў родныя ў Беларусі. У мяне і кума, і хрэснік, і па мужу родзічы — мне з імі сварыцца? Сітуацыя, вы ж разумееце, не абмяркоўваецца. Цяпер не прынята гаварыць пра палітыку».

У размове Вера прытрымлівацца «паліткарэктнасці»: навошта, кажа, гаварыць пра тое, чаго мы не разумеем. У пачатку вайны разбамбілі ейны дом у Ірпені пад Кіевам, таму да грамадзянаў РФ яна ставіцца негатыўна. А да беларускіх уладаў, падаецца, прэтэнзій не мае. Хоць з іх падачы краіна дапамагае Расеі, карэктавала дроны, што ляцяць у тым ліку праз Дабранку.

«Слухайце, яны ляцяць як хочуць, дзе хочуць, і абыякава ім на гэтыя рэтранслятары! Я нават не ведаю, што гэта такое».

Надпіс на ўваходзе ў адміністрацыйны будынак, дзе месціцца фельчарскі пункт і цэнтр сацыяльнай дапамогі. Дабранка, Чарнігаўская вобласць, Украіна, ліпень 2026 года. Фота: Белсат

Мясцовая знакамітасць — тэлевядоўца, якога абдымаў Лукашэнка

Каля іншага старэнькага драўлянага будынку сустракае мясцовая зорка:

«Рыгор Васілевіч Капаткоў. Дыктар гомельскага тэлебачання, 10 гадоў працаваў у тэатры ў Львове, Ужгарадзе. Граў усю класіку ўкраінскую!» — пастаўленым голасам называецца сівы ўсмешлівы мужчына.

Капаткоў нарадзіўся ў Гомельскім раёне, а ў 1946‑м сямʼя пераехала ў Дабранку. Ва Украіне былога тэлевядоўцу падтрымліваюць пляменнікі, часам удаецца праз знаёмых перадаць пенсію. Спадар Рыгор — тут адзіны, хто здолеў даехаць да Гомеля і ўпарадкаваць дакументы, каб атрымліваць выплаты і далей. Кажа, патраціў усе грошы, што сабраў на сваё пахаванне, бо дарога ў адзін бок праз Кішынёў, Стамбул, Баку і Менск каштавала тысячу долараў.

Рыгор Васілевіч пазіруе для фота. Дабранка, Чарнігаўская вобласць, Украіна, ліпень 2026 года. Фота: Белсат

«Я там падняў усіх на вушы: як гэта так, пра нас забыліся! Але ж мы зʼехалі, нас лічаць за інаагентаў, — эмацыйна разважае ён. — Нібы мы здрадзілі інтарэсам краіны, а гэта ж не так! Я аднолькава стаўлюся і да Беларусі, і да Украіны, і да расейцаў: мы ўсе людзі, нам трэба жыць у міры, дабрыні».

Рыгор Васілевіч «па-свойму» падтрымлівае Беларусь і ўсё вяртаецца да свайго зорнага мінулага:

«Я вёў эканоміку сельскай гаспадаркі на тэлебачанні. Кожны дзень, уяўляеце, новая перадача! [Аляксандр] Лукашэнка мяне абдымаў, ручкаліся! З [Уладзімірам] Зяленскім мы вельмі добра знаёмыя — ён са сваім «Кварталам» прыязджаў у Гомель і ў цырку выступаў, а я іх прадстаўляў. Я ж быў дыктарам, знакамітасць, вясёлы, прыгожы!»

«А зараз ці бы паціснулі руку Лукашэнку?» — пытаем суразмоўцу.

«Ну, ён мне дрэннага не зрабіў, — падумаўшы адказвае мужчына. — Як дырэктар саўгасу ён цудоўны, канешне: забяспечыў краіну малаком, усё за бясцэнак — пі колькі хочаш. Без яго ж усё б заглухла».

І ўсё ж на Аляксандра Рыгоравіча Рыгор Васілевіч меў нядаўна крыўду, бо затрымалі ў менскім аэрапорце, калі прыехаў з Украіны два гады таму:

«Содні пратрымалі! Пакуль не высветлілі, што я беларус, працаваў на тэлебачанні, актор, не маю ніякіх палітычных прэтэнзій. Я адразу моцна пакрыўдзіўся. Але яны разабраліся, выбачыліся. А ўкраінцы на зваротным шляху зноў мяне з аўтобуса знялі!»

Аднак ва ўсіх бедах спадар Рыгор абвінавачвае выключна Уладзіміра Пуціна, з якім «счапіўся Лукашэнка». Жыхар паселішча, над якім увесь час лётаюць расейскія дроны, сочыць за навінамі і ведае, як развязалася сітуацыя з рэтранслятарамі:

«Лукашэнка ж іх закрыў ужо. Выбачыліся, гэтае пытанне развязалі, — распавядае. — Ведаеце, нам з вамі, прасталюдзінам, лезці ў вялікую палітыку… Пуцін дапусціў памылку, не трэба было ваяваць. Ён адзіны вінаваты, падлюга, яго расстраляць Гаагскім судом. А Лукашэнка? (паўза) Ну, ён жа нядаўна прымкнуў. А куды дзявацца? Беларусы бедныя, прамысловасці амаль няма, ураджайнасць невялікая».

Таблічка на будынку Рыгора Капаткова. Дабранка, Чарнігаўская вобласць, Украіна, ліпень 2026 года. Фота: Белсат

Свае не вераць у вайну

Уздоўж мяжы вяртаемся з Дабранкі да трасы з умацаванымі ўчасткамі. Праз некалькі кіламетраў — Новыя Ярылавічы, значна меншая вёска, яе назву носіць памежны пункт пропуску з украінскага боку. У цэнтры сустракаем трох мужчынаў. Прыветлівы тон аднаго з іх знікае пасля першага ж пытання:

«Ой, не, з беларусамі мы не дружым. Усё!» — кажа мясцовы, што стаіць з роварам. Калі чуе пазіцыю датычна вайны і палітыкі, пагаджаецца пагаварыць.

«Гэта з іншага боку вобласці, каля Расеі, абстрэлы, эвакуююць людзей з вёсак, а ў нас тут яшчэ пакуль нармальна, — адказвае ягоны знаёмы, Анатоль, у якога прабіваецца беларускі акцэнт. — Падаюць беспілотнікі амаль кожны дзень, збіваюць іх. У лесе я два месцы знайшоў, на лузе — там зусім капец. Трэба цярпець».

Жыхары вёскі Новыя Ярылавічы, што ля мяжы з Беларуссю. Чарнігаўская вобласць, Украіна, ліпень 2026 года. Фота: Белсат

«А адкуль ляцяць?» — запытваем.

«З Расеі, ды з Беларусі карэктуюць. Гэта ж наш [Уладзімір] Зяленскі казаў «не прыбярэш сам, дык прыбярэм мы». Прыбірае [Лукашэнка] патроху», — адказвае ўладальнік ровару, які не назваў свайго імя.

«Не ціха ў нас тут — проста ўжо ўсе папрывыкалі, — працягвае Анатоль. — Нам ужо нічога не страшна. Кажуць, што будзе яшчэ наступ. Можа быць усё, а мы што зробім?»

«Як пойдуць — дык будзем з віламі гнаць адсюль, каб і духу тут не было! Вы так і перадайце: хана ім тут будзе! Хоць і родзічы там. Яны не вераць, што ў нас вайна ідзе. Вось у мяне дзядзька, кажу — пайшлі, пабачыш, што ў нас тут робіцца. А яму Лукашэнка — харошы чалавек, «пенсіі падняў, усё падняў». Ай…»

«Ай, дыктатар… Хоць, не ведаю як для беларусаў, а мне нічога благога ён не зрабіў», — выказвае сваю пазіцыю Анатоль.

Пад Беларуссю беспілотнікі лётаюць, а за 30 км — атакуюць

Украінец Сяргей, які суправаджае нас у памежжа, вязе пад самую мяжу з Беларуссю, тут месціцца вёска Скіток, амаль бязлюдная: жыхароў усяго шасцёра, і то трое — дачнікі, кажа адзін з лічаных мясцовых.

Дарога ў бок Беларусі ў вёсцы Скіток. Чарнігаўская вобласць, Украіна, ліпень 2026 года. Фота: Белсат

«Пакуль не пачалі лётаць сюдой «шагэды», дык было нічога. Гэта цяпер іх меней, а тыдні 2‑3 таму — ну над самай хатай! Хлопцы ж нашыя страляюць па іх».

Мужчына тут з 1990-х, родныя — па той бок мяжы. Дарога каля ягонага дому вядзе акурат у бок Беларусі. Аднак выязджаць былы гамяльчук не хоча, не марыць нават пра часовую паездку, у адрозненне ад іншых.

Мы ж вяртаемся глыбей ва Украіну, праз кіламетраў пяць на ўездзе ў Новыя Ярылавічы пры дарозе стаіць невялічкая крама.

Раней па дарозе з мяжы тут часта спыняліся машыны на беларускіх нумарах. Мясцовая прадавачка згадвае, што ў пачатку вайны, пакуль праз акупацыю не працавалі пункты пропуску з украінскага боку, беларуска з Менскай вобласці, у якой тут сваякі, таксама прывозіла сюды дапамогу «на кожны дом».

«Калі нас ад Чарнігава адрэзалі ў сакавіку 2022-га, дык нам дазволілі хадзіць у Новую Гуту па прадукты.

Але, я вам скажу, розныя там людзі былі: адныя нічога, а іншыя абураліся, маўляў, чаго вы сюды прыйшлі, усё ў нас скупляеце. Ішоў красавік, трэба гароды садзіць, дык і па бензін, салярку таксама ездзілі», — кажа яна.

У жанчыны ў Гомелі малодшая сястра. Цяпер усе зносіны ў іх — віншаванні з Новым годам ці народзінамі і ніякіх пытанняў пра палітыку ці абстрэлы.

«Я разумею, што і там правяраюць людзей. І да нас СБУ прыязджала: вы ж глядзіце, у каго родзічы ў Беларусі, нічога не апавядайце. Кажу, ну што мы — не разумеем, што можна, што нельга казаць?»

Украінец з беларускім грамадзянствам Уладзімір паказвае свае дакументы валанцёрцы Алене Жаркевіч. Рэпкі, Чарнігаўская вобласць, Украіна, ліпень 2026 года. Фота: Белсат

Яшчэ аднаго тутэйшага беларуса мы сустракаем у Рэпках — калісьці райцэнтры, а цяпер пасёлку гарадскога тыпу — па дарозе да Чарнігава. Уладзімір увесь час у навінах і ў курсе ўсіх падзеяў.

«Зяленскі сказаў [Лукашэнку]: глядзі, будзеш бульбу лапатай капаць, — разважае ён пра ўльтыматум украінскага прэзідэнта, які датычыў і паставак паліва ў Расею. — А што там тых НПЗ — Мазыр і Наваполацк. Па самых галоўных апаратах ударыць — і ўсе. А пад санкцыямі дзе новае абсталяванне ўзяць?»

Уладзімір дастае свой беларускі пашпарт і адказвае на тыповае беларускае пытанне:

«Скончыцца праз год. Буду атрымліваць украінскае грамадзянства: я ж тут нарадзіўся, сапраўдны ўкраінец. Гэта ў Беларусі быў, калі распаўся Саюз, таму атрымаў там пашпарт. А зʼехаў з гэтай дыктатуры даўно, яшчэ ў 90-х».

Гэта першы беларус з усіх, каго мы тут сустрэлі, хто адкрыта кажа пра сваё стаўленне да беларускай улады і ў каго яно рэзка негатыўнае, а таксама хто не баіцца называць сваё імя.

Дом у адным з паселішчаў уздоўж трасы ў бок Беларусі. Чарнігаўская вобласць, Украіна, ліпень 2026 года. Фота: Белсат

Мы размаўляем на лаўцы каля невялічкай крамы пры дарозе. Побач яшчэ нядаўна стаяла фура, яе разбіў беспілотнік, апавядае Уладзімір пра гэтае і іншыя здарэнні.

У Рэпкі, якія далей ад мяжы, перыядычна прылятаюць расейскія «Шагэды» і «Герберы», цярпяць мясцовыя прадпрыемствы, аўтатэхніка, часам — дамы жыхароў і іншыя цывільныя абʼекты. На выездзе стаіць двойчы разбураная запраўка — на Чарнігаўшчыне цяпер, паводле ўладаў, удары па АЗС адбываюцца кожныя два дні. 

На гэтым фоне Дабранка і іншыя прымежныя вёскі выглядаюць найбольш спакойнымі месцамі ў вобласці. Ад наўпроставых атак гэтую мясцовасць ратуе, напэўна, якраз беспасярэдняя блізкасць да Беларусі, бо ўся паўночна-ўсходняя частка рэгіёну, каля Расеі, цалкам разбітая. Туды перыядычна наведваюцца ДВГ, якіх мясцовыя тут, як і беларускіх памежнікаў, за 4,5 года вайны не бачылі:

«Вы нават не запытвайце пра гэта, — перасцерагае на развітанне мясцовая жыхарка. — У нас такога няма і, дай божа, не будзе. Ведаеце, як мая сяброўка кажа: усё будзе добра, бо дрэнна ўжо было».

Каментары5

  • !
    12.07.2026
    ?, яны чакаюць, элітны атрад
  • Biełarus' Freedom
    13.07.2026
    ?, цябе чакаюць
  • ?
    13.07.2026
    Biełarus' Freedom , а зачем, их же и так трое ?

Цяпер чытаюць

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club2

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club

Усе навіны →
Усе навіны

Збой на БЧ: цягнікі з Полацка і Брэста затрымліваюцца на некалькі гадзін2

ФСБ абвінаваціла рэпера Kyivstoner у падрыхтоўцы атакі беспілотнікаў на прадпрыемства ў Падмаскоўі9

У ДТЗ пад Магілёвам сутыкнуліся 19‑гадовы матацыкліст і 72‑гадовы кіроўца аўто1

Шматдзетную маці з-пад Мінска, якая ладзіла дзіцячыя святы, асудзілі за палітыку8

8000 рублёў за год навучання. Самыя дарагія спецыяльнасці ў ВНУ Мінска3

Арына Сабаленка з жаніхом і сабакам прыляцелі ў Мінск чартарным рэйсам. Іх сустрэлі народнымі танцамі і караваем20

У Мінску жанчына-бяспраўніца пратараніла дзве машыны, адна з якіх урэзалася ў трамвай

Paramount Pictures набыла правы на экранізацыю арыгіналу «Кашмару на вуліцы Вязаў» і плануе выпусціць новы поўнаметражны фільм

Габелен з Баё прывезлі ў Вялікабрытанію ўпершыню амаль за тысячу гадоў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club2

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць