КДК атрымае права прыпыняць працу крам за завышэнне цэн і забараняць ліквідацыю бізнэсу
На Нацыянальным прававым партале апублікавалі закон, які ўносіць змяненні ў дзейнасць Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК) і істотна пашырае яго паўнамоцтвы.
Фота: БелТА
Дакумент уносіць папраўкі ў законы «Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльных органах», «Аб органах фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь» і «Аб барацьбе з тэрарызмам».
Адной з галоўных навацый стала нададзенае КДК права прыпыняць дзейнасць суб'ектаў гаспадарання ў выпадку парушэнняў заканадаўства аб цэнаўтварэнні, а таксама правіл гандлю і грамадскага харчавання. Такія меры могуць прымяняцца да крам і іншых гандлёвых аб'ектаў.
Акрамя таго, Камітэт дзяржаўнага кантролю атрымае магчымасць забараняць дзяржаўную рэгістрацыю і ліквідацыю юрыдычных асоб.
Яшчэ адно новае паўнамоцтва — права прыпыняць аперацыі з электроннымі кашалькамі ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях.
Закон таксама пашырае паўнамоцтвы органаў фінансавых расследаванняў КДК. Іх афіцыйна аднеслі да органаў, якія непасрэдна ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам.
Частка новых нормаў набудуць моц праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання закона, а асобныя палажэнні пачнуць дзейнічаць з 1 ліпеня 2027 года.
Чытайце таксама:
Дэпутаты выпадкова злілі дакумент пра катастрафічны падзеж жывёлы ў сельскіх гаспадарках
На Віцебшчыне сілавікі прыйшлі ў таксапарк, які не плаціў падаткаў
КДК паказаў, як разабраўся ў Круглянскім раёне з разбітай дарогай. Гэта трэба бачыць ФОТЫ