Дэпутаты выпадкова злілі дакумент пра катастрафічны падзеж жывёлы ў сельскіх гаспадарках
У афіцыйным тэлеграм-канале Палаты прадстаўнікоў памылкова апублікавалі дакумент, прысвечаны падзяжу буйной рагатай жывёлы і птушкі ў сельскіх гаспадарках Віцебскай вобласці за першае паўгоддзе 2026 года. «Наша Ніва» ўважліва вывучыла гэтыя лічбы.

Дзясяткі тысяч кароў і мільёны птушак
Цалкам дакумент называецца «Інфармацыя па пытанні пра захаванасць буйной рагатай жывёлы і птушкі ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці за першае паўгоддзе 2026 года».
Згодна з унутранай статыстыкай, толькі за шэсць месяцаў 2026 года ў Беларусі пала 76,6 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Гэта на 2,4 тысячы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Па паказчыку тэхналагічных страт найгоршая сітуацыя ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

Асноўная ўвага ў злітым дакуменце надаецца Віцебскай вобласці. Больш за ўсё ўражваюць лічбы па свойскай птушцы. Нягледзячы на тое, што небяспечных эпідэмій сёлета не рэгістравалася, падзеж птушкі за паўгода склаў 2 мільёны 74,9 тысячы галоў (гэта на 92,3 тысячы больш, чым летась).

На паперы паказана зніжэнне падзяжу на 1,9 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, праўда, усё роўна страты не дацягнулі да мэтавых 1,7%. Аднак аўтары дакумента задаюць нязручнае пытанне: ці не звязана гэтае «цудоўнае ацаленне» віцебскага статка з тым, што Лукашэнка пайшоў насустрач губернатару, абараніў аграрыяў ад жорсткага кантролю органаў КДК і рэальны стан спраў стаў фіксавацца не так праўдзіва?

Яшчэ адна схема, пра якую распавядае дакумент — гэта ўтылізацыя жывёлы на мясаперапрацоўчых прадпрыемствах, на якую прыпадае 7,4% ад агульнай колькасці падзяжу. У дакуменце разважаюць, ці гэта не легалізаваны канал схаванага падзяжу, калі замест таго, каб фіксаваць смерць каровы на ферме, жывёлу ў агоніі тэрмінова вязуць на перапрацоўку, каб штучна занізіць статыстыку смяротнасці.

Пагроза дэфіцыту малака і ялавічыны
44% ад усіх памерлых жывёл — гэта цяляты ва ўзросце да 2 месяцаў. Іх гібель выклікана не складанымі хваробамі, а адсутнасцю нармальнага догляду, дрэнным кармленнем і невыкананнем схем вакцынацыі. Што тычыцца дарослых кароў (32% ад падзяжу), то іх галоўная прычына смерці — незбалансаванасць кармлення ў сухастойны перыяд, сіласна-канцэнтратны тып кармлення, выкарыстанне вялікай колькасці канцэнтратаў.
Аўтары дакладу пішуць: масавая страта маладняку азначае, што арганізацыі знішчаюць свой будучы патэнцыял для замены дойнага статка. «Без ліквідацыі гэтай праблемы ўжо ў сярэднетэрміновай перспектыве вобласць сутыкнецца з жорсткім дэфіцытам малака і ялавічыны», — адзначана ў дакладзе.
«Узаконены» падзеж у раёнах
У некаторых раёнах сітуацыя ўвогуле катастрафічная. Тэхналагічныя страты істотна перавышаюць норму ў Шумілінскім (3,5%), Верхнядзвінскім (2,9%), Гарадоцкім і Талачынскім (па 2,7%) раёнах.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова лаяў чыноўнікаў за гэтую праблему. Ён называў падзеж у халады «маральнай выродлівасцю»: «У кантору стаўце цялят. І гінуць яны ад безгаспадарчасці».
Каб выправіць сітуацыю, у дакуменце прапануецца «перайсці ад папяровага кантролю да рэальных мер»:
- праводзіць раптоўныя праверкі ветэрынарных лабараторый, каб спыніць утойванне рэальных дыягназаў і скажэнне статыстыкі,
- накіраваць у праблемныя калгасы мабільныя групы з вопытных ветэрынараў і заатэхнікаў,
- увесці жорсткі дыктат тэхналагічнага рэгламенту для цялят і праверыць, куды насамрэч ідуць бюджэтныя грошы, выдзеленыя на ветпрэпараты і дабаўкі.
Напрыканцы дакумент ставіць яшчэ адно вострае пытанне: як забяспечыць набор абітурыентаў на мэтавае навучанне ў аграрны сектар у 2027 годзе?

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Норма - 1,7% і па рэспубліцы 1,7%.
Павялічаны падеж у Віцебскай вобласці? У чым сенсацыя? Жорсткая зіма вось і вынік. Які небудзь аналіз спрабавалі самі зрабіць?
С птушкай таксама можа быць такая прычына. Зараз у Францыі гінуць мільёнамі, утылізуюць адразу на фермах, што непрымальна, але што рабіць?
Так, зразумела, трэба паказваць як кепска рэжым кіруе гаспадаркай. Але трэба аналізаваць і высвятляць прычыны - дзе факап кіраўніцтва, а дзе прыродная катастрофа і аб'ектыўны фактар. Будзе больш прафесіанальна і больш даверу.
У артыкулу пішаце, што падеж перавышае норму, і тут жа публікуеце дакумент, дзе падеж адпавядае норме. Навошта людзям голаву дурыць і (не)наўмысна хлусіць чытачам? Мы і так ведаем яка неэфектыўна рэжым працуе.