У Белавежскай пушчы знайшлі загадкавы грыб-паразіт
У самым сэрцы Белавежскай пушчы навуковыя супрацоўнікі ўпершыню за ўсю гісторыю назіранняў выявілі дзіўны і загадкавы грыб-паразіт з роду Сізігаспора (Syzygospora), паведамілі ў навуковым аддзеле нацпарка.
Фота: npbp.by
Раней прадстаўнікі гэтага роду ў нацыянальным парку не рэгістраваліся.
Як адзначаюць спецыялісты, гэты грыб паражае лясны грыб з роду Gymnopus і літаральна ўкараняецца ў яго тканкі на клеткавым узроўні. У выніку ў гаспадара пачынаюць фарміравацца незвычайныя воскападобныя нарасты, якія нагадваюць мозг.
Паводле слоў даследчыкаў, Syzygospora — вельмі рэдкі і малавывучаны паразіт, таму знаходку пакуль удалося вызначыць толькі да роду.
Каб высветліць, які менавіта від выяўлены ў Белавежскай пушчы — Syzygospora mycetophila ці іншы, магчыма, невядомы навуцы, — навукоўцам трэба будзе правесці дадатковыя мікраскапічныя і генетычныя даследаванні.
Чытайце таксама:
На Гомельшчыне знайшлі рэдкі грыб, якога не бачылі больш за 60 гадоў
У Клічаўскім раёне мужчына сабраў за дзве гадзіны 15 кілаграмаў лісічак ФОТАФАКТ