БЕЛ Ł РУС

Дакументальны фільм рэжысёра з Баранавічаў Андрэя Куцілы пакажуць на Венецыянскім кінафестывалі

27.07.2026 / 14:16

Nashaniva.com

Дакументальная карціна «Лісты з маўклівай краіны» беларускага дакументаліста з Баранавічаў Андрэя Куцілы трапіла на Венецыянскі кінафестываль — адзін з найпрэстыжнейшых кінафестываляў свету.

Андрэй Куціла. Фота: andrei.kutsila / Facebook

Фільм, прысвечаны беларускім палітвязням, пакажуць па-за конкурсам.

Праца над гэтай поўнаметражнай дакументальнай стужкай працягвалася больш за пяць гадоў. Яна распавядае пра тонкую, але трывалую сувязь беларускіх палітзняволеных з роднымі праз муры турмы — пра тое, як гэта сувязь трымаецца праз лісты. Стужка створана міжнароднай камандай Польшчы, Германіі і Літвы.

Сам рэжысёр Андрэй Куціла на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках выказаў падзяку арганізатарам кінафоруму і ўсім, хто дапамагаў у стварэнні стужкі.

«Мы глыбока ўдзячныя адборачнай камісіі Венецыянскага кінафестывалю за тое, што яны далі нашаму фільму найлепшае магчымае месца для сусветнай прэм'еры!

Шчырая падзяка нашым мужным героям і кожнаму чалавеку ды кожнай арганізацыі, якія спрычыніліся да гэтага праекта за апошнія пяць гадоў, дапамагаючы данесці гісторыі беларусаў з маўклівай краіны да міжнароднай аўдыторыі», — напісаў Куціла.

«Лісты» стануць першым дакументальным фільмам ад аўтара з незалежнай Беларусі, паказаным на гэтай пляцоўцы.

Андрэй Куціла — вядомы беларускі дакументаліст, сузаснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Сярод яго вядомых прац — фільмы Summa, «Калі кветкі не маўчаць». Ён з'яўляецца лаўрэатам шматлікіх міжнародных і нацыянальных кінафорумаў.

Пасля выбараў 2020 года рэжысёр жыве і працуе ў польскім горадзе Лодзь.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула