БЕЛ Ł РУС

Львоўскі: Лугіной было б добра жыць пару стагоддзяў таму, калі было модна скардзіцца на сялян

28.07.2026 / 10:25

Вінцэсь Клепачэня

«Некаторыя людзі нарадзіліся не ў сваю эпоху».

Льў Львоўскі і Таццяна Лугіна. Фота: скрын відэа, БелТА

У новым выпуску ТОКу акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі пракаментаваў словы генеральнай дырэктаркі «Камволя» Таццяны Лугіной, якая наракала, што ў беларусаў дрэнная культура працы, людзі мала працуюць.

На думку эканаміста, такія развагі нагадваюць скаргі памешчыкаў некалькі стагоддзяў таму.

«Я думаю, што некаторыя людзі нарадзіліся не ў сваю эпоху. Вось гэтай спадарыні добра было б жыць пару стагоддзяў таму. Тады якраз было модна скардзіцца на сялян. Здаецца, б'еш іх, а яны ўсё роўна моў не ведаюць, віно дрэнна падаюць, безэ не ўмеюць гатаваць, усе непісьменныя, жывуць у брудзе», — іранічна заўважыў Львоўскі на просьбу пракаментаваць словы Лугінай.

Эканаміст падкрэсліў, што не існуе «дрэнных людзей» або «дрэнных работнікаў» у маштабе ўсёй краіны.

«Кожны асобны чалавек, вядома, можа быць дрэнным работнікам, але каб цэлая нацыя была дрэннай — такога не бывае», — лічыць Львоўскі.

Паводле яго, праблемы ўзнікаюць не праз людзей, а праз дрэнныя інстытуты і неэфектыўнае кіраванне.

Ён адзначыў, што беларусы нічым не саступаюць жыхарам суседніх краін ні паводле адукацыі, ні паводле працоўнай этыкі.

Львоўскі упэўнены: «[Беларусы] нічым не горшыя за палякаў, за літоўцаў. Я не думаю, што яны значна горшыя за немцаў, а тым больш за французаў».

Няма падстаў казаць пра нейкую асаблівую ляноту беларусаў.

«Беларусы шмат працуюць. І калі пры гэтым вы не можаце арганізаваць сістэму так, каб яны зараблялі столькі ж, колькі ў суседніх краінах, то тут трэба паглядзець у люстэрка і папракнуць сябе. Але заўсёды лягчэй сказаць: «Так-так, гэта ўсё работнікі ў нас не хочуць працаваць», — рэзюмаваў эканаміст.

Чытайце таксама:

Гендырэктарка «Камволя» наракае, што беларусы мала працуюць — а трэба як эфіопы і індзійцы

Эканаміст Львоўскі: Павышаць пенсійны ўзрост ёсць куды. Можна жанчынам павысіць

«Будзе няважна, дэмакратычнае кіраванне ў Беларусі ці не». Леў Львоўскі расказаў, чаму маладых беларусаў чакае горкая доля

Каментары да артыкула