БЕЛ Ł РУС

Італьянец стварыў фальшывы антычны амфітэатр і вадзіў туды турыстаў за грошы

28.07.2026 / 14:58

Nashaniva.com

Мужчына сцвярджаў, што выявіў артэфакты Старажытнай Грэцыі і Рыма. Выяснілася, што ён стварыў іх сам з таго, што было пад рукой.

У Італіі да 2 гадоў і 4 месяцаў турмы асудзілі 69‑гадовага жыхара правінцыі Вічэнца, які збудаваў фальшывы антычны амфітэатр і браў з турыстаў па 40 еўра за ўваход на неіснуючы «археалагічны аб'ект», распавядае канал «Спадчына». 

Для стварэння так званага «Амфітэатра Берыка» ў камуне Аркуньяна будаўнікі маштабна змянілі ландшафт і выкапалі паглыбленне ў схіле ўзгорка на ўчастку плошчай 5000 квадратных метраў.

Прыступкі былі выкладзеныя са штучна састараных блокаў, прастору дапоўнілі бетоннымі калонамі, гіпсавымі статуямі і штучным возерам.

У рэкламных матэрыялах гаспадар аб'екта Франка Малоса сцвярджаў, што ён асабіста раскапаў гэтыя грэчаскія, рымскія і неалітычныя артэфакты пры дапамозе невядомых археолагаў.

Расследаванне справы аб незаконным будаўніцтве і падробцы твораў мастацтва пачалося яшчэ ў 2016 годзе. Першапачатковы прысуд быў вынесены ў 2021-м, але за краты стваральнік бутафорыі адправіўся толькі цяпер, пасля адхілення ўсіх апеляцый. Акрамя турэмнага тэрміну, суд абавязаў яго выплаціць штраф у 3000 еўра і кампенсацыю муніцыпалітэту, а таксама цалкам ліквідаваць навабуд, вярнуўшы ўзгорку яго першапачатковы прыродны выгляд (гэтае прадпісанне дагэтуль застаецца нявыкананым).

«Гэты выпадак — паказальны прыклад таго, як у еўрапейскай прававой прасторы расцэньваецца стварэнне гістарычных сімулякраў і спекуляцыя на мінулым. У той час як у айчынных рэаліях узвядзенне бутафорскіх муляжоў і імітацыя даўніны часта заахвочваецца або праходзіць пад шыльдай агратурызму і добраўпарадкавання, у Італіі вытворчасць архітэктурных падробак і самавольнае скажэнне ландшафту кваліфікуецца як крымінальнае злачынства з рэальнымі турэмнымі тэрмінамі», — дадае аўтар канала. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула