Латушка паведаміў польскай пракуратуры пра сем спробаў вярбоўкі
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка перадаў у Акруговую пракуратуру ў Варшаве інфармацыю пра сем выпадкаў меркаваных спробаў вярбоўкі прадстаўнікоў фракцыі «Латушка і Рух «За Свабоду» ў Каардынацыйнай Радзе, а таксама супрацоўнікаў ягонага Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ).
Павел Латушка. Фота: Marek Antoni Iwanczuk NurPhoto via Getty Images
Як паведамляе Латушка, гэтыя матэрыялы далучаныя да крымінальнай справы, распачатай Акруговай пракуратурай у Варшаве ў мінулым годзе. Акрамя таго, пра згаданыя выпадкі былі праінфармаваныя Міністэрства замежных спраў і Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы.
Павел Латушка заклікаў прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады і іншых беларускіх дэмакратычных структур, якія знаходзяцца за мяжой, паведамляць мясцовым праваахоўным органам пра любыя спробы вярбоўкі. Ён адзначыў, што ў Польшчы такую інфармацыю варта накіроўваць у Акруговую пракуратуру ў Варшаве ў межах ужо наяўнай крымінальнай справы, а ў іншых краінах — у пракуратуру па месцы знаходжання.
На думку Латушкі, гэта неабходна для расследавання магчымых злачынстваў экстратэрытарыяльнага характару, якія, паводле яго сцвярджэння, могуць здзяйсняцца прадстаўнікамі беларускага рэжыму на тэрыторыі Польшчы і іншых краін Еўрапейскага саюза.
Чытайце таксама:
Латушка не верыць, што Мельнікава купіла ў Мінску кватэры
Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч
Латушка перадасць інфармацыю пра Мельнікаву польскай пракуратуры