Грамадства5050

Латушка не верыць, што Мельнікава купіла ў Мінску кватэры

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў эфіры «Еўрарадыё» пракаментаваў новую інфармацыю «Кіберпартызанаў» пра былую спікерку Каардынацыйнай рады Анжаліку Мельнікаву. Ён не лічыць абнародаваныя матэрыялы дастатковымі доказамі.

Анжаліка Мельнікава і Павел Латушка. Фота: Аб'яднаны пераходны кабінет

Нядаўна стала вядома, што Мельнікава з двума дзецьмі жыве ў Мінску ў кватэры на вуліцы Пятра Мсціслаўца, а таксама тое, што ў 2022 годзе яна прыязджала з Польшчы ў Беларусь, а яе муж вярнуўся ў Польшчу.

У эфіры «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук пацікавіўся ў Паўла Латушкі, ці паўплывалі новыя звесткі на яго ацэнку сітуацыі.

«Якія факты? Назавіце хоць адзін факт. Фактаў мы не пабачылі. Гэта пісьмовыя сцвярджэнні, але не факты. Пры ўсёй павазе да «Кіберпартызанаў», — адказаў Латушка на пытанне.

Як даводзіць палітык, застаюцца тры ключавыя пытанні, на якія няма адказаў:

«Па-першае, калі гэта адбылося? Калі мы лічым, што яна была агенткай ці афіцэрам спецслужбы. Па-другое, пры якіх абставінах — ці гэта быў шантаж, подкуп, прымус. І трэцяе пытанне: які на сённяшні дзень яна мае статус?».

Латушка падкрэсліў, што звычайна каментуе толькі тое, што можна пацвердзіць фактамі. Аднак у гэтай сітуацыі, паводле яго, з-за недахопу інфармацыі яму даводзіцца перайсці да гіпотэз.

«Зараз буду спекуляваць першы раз», — папярэдзіў ён.

Палітык дапускае, што «Кіберпартызаны» сапраўды могуць валодаць дадатковымі матэрыяламі, якія яшчэ не былі апублікаваныя. Аднак, на яго думку, нельга выключаць і «дэзінфармацыйнай гульні КДБ».

Тлумачачы сваю логіку, ён звярнуў увагу на інфармацыю пра магчымыя асабістыя адносіны Мельнікавай з супрацоўнікам беларускай контрвыведкі. Паводле Латушкі, калі б яна ўжо была супрацоўніцай спецслужбаў, то «завесці раман з афіцэрам контрвыведкі КДБ за мяжой падчас спецаперацыі — гэта парушэнне ўсіх інструкцый». 

У той жа час палітык лічыць магчымым сцэнар «мядовай пасткі».

«Такія сцэнарыі выкарыстоўваюцца спецслужбамі. І на нейкім этапе ёй раскрылі гэтую сітуацыю», — лічыць Латушка.

На яго думку, калі нешта падобнае і адбылося, то наўрад ці на раннім этапе.

«Хутчэй за ўсё, на апошнім этапе, бо яшчэ менавіта ў студзені [2025 года] прымаліся вельмі важныя стратэгічныя рашэнні ў інтарэсах дэмакратычных сіл, за якімі стаяла Мельнікава. І слуханні па адказнасці Лукашэнкі ў Каардынацыйнай радзе — гэта студзень.

І прызнанне Сенатам Польшчы Каардынацыйнай рады — таксама студзень. І выступленне ўпершыню нашай афіцыйнай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, дзе яна заклікала не прызнаваць Лукашэнку, прыцягнуць яго да адказнасці і прызнаць дэмакратычныя інстытуты прадстаўнікамі беларусаў, — гэта таксама студзень.

Так вось, калі гэта адбылося да студзеня, то гэта нелагічна», — зрабіў выснову палітык.

Асобна ён пракаментаваў інфармацыю пра набыццё Мельнікавай нерухомасці. Паводле Латушкі, яму цяжка ўявіць, што беларускія ўлады маглі не толькі дазволіць ёй вывесці ўласныя сродкі, але яшчэ і дадаткова ўзнагародзіць яе.

«У гэтай сітуацыі я магу задаць пытанне: за якія вынікі? Якія вынікі? Вось вынікаў мы не бачым. Што яна такога зрабіла? Ну, была шкода рэпутацыі. Але Каардынацыйная рада выстаяла. Была спроба выкінуць нас з ПАРЕ, але мы выстаялі. Яе павінны былі ўзнагародзіць. За што яе ўзнагародзіць? Канкрэтнага выніку няма», — даводзіць Латушка.

Палітык адзначыў, што нават калі ў выніку гісторыі былі нанесеныя рэпутацыйныя і фінансавыя страты, яны не прывялі да калапсу Каардынацыйнай рады.

Паводле палітыка, калі б улады сапраўды хацелі аддзячыць Мельнікавай за супрацоўніцтва, то найбольш верагодным варыянтам было б проста пакінуць яе ў спакоі.

«Максімум, што рэжым мог зрабіць: «Зрабіла, працавала на нас. Добра, ідзі гуляй. Добра, што не пасадзілі. Вось максімум. Але кватэры…»», — лічыць Латушка.

Паводле яго, менавіта гэтая нестыкоўка і прымушае разглядаць іншыя магчымыя тлумачэнні таго, што адбываецца.

«У мяне ўзнікае пытанне, ці не з'яўляецца гэта дэзінфармацыйнай гульнёй. Я не сцвярджаю, я сёння толькі спекулюю», — падкрэсліў палітык.

У адказ на каментар аднаго з гледачоў, які сэнс дэзінфармацыі, калі Мельнікава ўжо не ўваходзіць у кіраўніцтва дэмакратычных сіл, Латушка патлумачыў:

«Тут можа быць іншы падыход. Прадэманстраваць, напрыклад, іншым: «Глядзіце, калі вы пойдзеце на супрацоўніцтва з намі, мы вас можам выбачыць. Нават свае грошы забераце. Мы яшчэ і дадамо — атрымліваецца там 250—300 тысяч даляраў. Галоўнае — пераходзьце на наш бок».

Але гэта нерэалістычны сцэнарый. Дабаўляць яшчэ 300 тысяч за тое, што чалавек біў рэжым, яшчэ ў «кіберах» працаваў і колькі дапамагаў «кіберам»? (…) І за гэта ёй узнагароду даць, кватэру, дабавіць яшчэ грошы — і жыві, радуйся жыццю, яшчэ і пашпарт прыкрыцця аддаць? Пакуль гэта не складваецца».

Каментары50

  • Лапушка
    30.07.2026
    Не купила, а подарили!
  • Вадя
    30.07.2026
    Латушко, верь-она вернется... и на обломках мудрой Рады напишут ваши имена.
  • дзеўсвіннік
    30.07.2026
    «Зараз буду спекуляваць першы раз», — папярэдзіў ён
    аххах

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»29

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Усе навіны →
Усе навіны

Воспа магла стаць смяротнай не адразу2

Людзі абрываюць тэлефоны, на кватэру прэтэндуе 2‑3 чалавекі. Анонс іпатэкі пад 1% выклікаў ажыятаж5

Былая палітзняволеная Наста Лойка сустрэлася са сваім сабакам — праз амаль чатыры гады4

Беларускія студэнты заваявалі шэсць залатых медалёў на Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе6

Сын прэзідэнта Зімбабвэ, меркавана, лячыўся ў Беларусі ад наркатычнай залежнасці1

Пуцін стаў пазбягаць паездак у рэгіёны ў еўрапейскай частцы Расіі, куды рэгулярна далятаюць дроны1

Канапацкая апублікавала фота з цэнтра Варшавы23

Што такое тэорыя няправільнага абутку?4

Дачка расійскага генерала, адказнага за мабілізацыю, дапамагае ўхіляцца ад войска за грошы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»29

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць