БЕЛ Ł РУС

Памерла Казіміра Прунскене — першая прэм’ер-міністарка Літвы пасля аднаўлення незалежнасці

30.07.2026 / 17:48

Nashaniva.com

Памерла Казіміра Прунскене, першая кіраўніца ўрада адноўленай незалежнай літоўскай дзяржавы, паведамляе Delfi.lt. Ёй было 83 гады.

Фота: Gediminas Bartuška / ELTA 

Казіміра Прунскене нарадзілася 26 лютага 1943 года ў вёсцы Васюлішкі Свянцянскага раёна. Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта ў 1965 годзе займалася выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю. Працавала таксама ў Венгрыі і тагачаснай ГДР, а ў другой палове 1980‑х гадоў займала кіраўнічыя пасады ў навуковых і адукацыйных установах Літвы.

У 1988 годзе яна стала адной з аўтарак канцэпцыі эканамічнай самастойнасці Літоўскай ССР і была сярод заснавальнікаў грамадскага руху «Саюдзіс». Пазней заняла пасаду намесніцы старшыні Савета Міністраў Літоўскай ССР, была абраная народным дэпутатам СССР і ўдзельнічала ў працы Вярхоўнага Савета СССР і З'езда народных дэпутатаў.

У лютым 1990 года Прунскене стала дэпутаткай Вярхоўнага Савета Літвы, а 11 сакавіка падпісала Акт аб аднаўленні незалежнасці краіны. Праз некалькі дзён, 17 сакавіка, яна ўзначаліла першы ўрад незалежнай Літвы і кіравала ім да 10 студзеня 1991 года.

У 1990 годзе Прунскене правяла сустрэчы з лідарамі шэрагу заходніх дзяржаў, у тым ліку з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам-старэйшым, прэм'ер-міністаркай Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр, прэзідэнтам Францыі Франсуа Мітэранам і канцлерам Германіі Гельмутам Колем. За актыўную міжнародную дзейнасць яе называлі «Бурштынавай лэдзі».

Пасля працы на пасадзе прэм'ер-міністра яна працягнула палітычную кар'еру. Была адной з заснавальніц Жаночай партыі Літвы, узначальвала яе і створаныя на яе аснове палітычныя структуры, неаднаразова абіралася ў Сейм. У 2004—2008 гадах займала пасаду міністаркі сельскай гаспадаркі. Таксама яна была адной з ініцыятарак стварэння Балтыйскай жаночай баскетбольнай лігі і больш за пятнаццаць гадоў кіравала гэтай арганізацыяй.

У 2004 і 2009 гадах Казіміра Прунскене ўдзельнічала ў прэзідэнцкіх выбарах у Літве. У 2004 годзе яна нават выйшла ў другі тур і набрала ў ім 47,8 % галасоў, толькі крышку саступіўшы Валдасу Адамкусу (52,6 %). У 2009-м, праўда, яе дасягненні былі больш сціплыя — толькі пятае месца з 3,91 %.

У лютым 2012 года палітык перанесла цяжкі інсульт і некалькі аперацый. Пасля працяглага лячэння і рэабілітацыі яна ўжо амаль не ўдзельнічала ў грамадскім жыцці. Апошнія гады Прунскене жыла ў сядзібе свайго сына ў Свянцянскім раёне.

Чытайце таксама:

Памёр знакаміты французскі дыджэй Kavinsky

У расійскім Екацярынбургу да смерці збілі навукоўца Акадэміі навук, які перашкодзіў дзецям катацца на квадрацыклах па доследных палях

Памёр музыка Леанід Марголін

Каментары да артыкула