БЕЛ Ł РУС

У Мінску п'яны пасажыр напаў на таксіста, бо той не размаўляў з ім падчас паездкі

31.07.2026 / 16:57

Nashaniva.com

У суд накіравалі крымінальную справу супраць 40‑гадовага мінчука, якога абвінавачваюць у хуліганстве. Раней гэты мужчына праблем з законам не меў, але адзін вечар склаўся для яго вельмі нядобра, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацыяльных сетак 8888

Увечары мінчук ужываў дома алкаголь, а потым вырашыў паехаць да сябра. Мужчына выклікаў таксі і, садзячыся ў аўтамабіль Hyundai, папярэдзіў кіроўцу, што за паездку заплаціць ягоны знаёмы пасля прыбыцця.

Сеўшы на задняе сядзенне, пасажыр папрасіў уключыць музыку і пачаў піць гарэлку, якую ўзяў з сабой. Калі аўтамабіль рухаўся па МКАД з хуткасцю каля 90 км/г, моцна п'янаму мужчыну стала сумна. Яго абурыла тое, што таксіст не размаўляе з ім.

Пасажыр пасунуўся да кіроўцы і без папярэджання ўдарыў яго кулаком па патыліцы, а затым двойчы ў шыю. Кіроўца ад нечаканасці прыгнуўся, пасля чаго атрымаў яшчэ пяць удараў у спіну. Затым нападнік пачаў з сілай выкручваць руку таксіста, якой той спрабаваў закрыць галаву.

У выніку кіроўца страціў кантроль над аўтамабілем і ўрэзаўся ў бар'ерную агароджу. Машына атрымала сур'ёзныя пашкоджанні кузава і фары. На шчасце, да гэтага моманту кіроўца ўжо паспеў знізіць хуткасць, таму больш цяжкіх наступстваў удалося пазбегнуць.

Пасля аварыі нападнік выйшаў з аўтамабіля і пайшоў у бок з'езда з МКАД. Праязджаў міма іншы кіроўца, які спыніўся і пацікавіўся, што адбылося. Ён таксама паведаміў пра інцыдэнт у міліцыю. Дэбашыра затрымалі ў той жа вечар.

Пры гэтым, як адзначаюць сілавікі, ніякага канфлікту паміж пасажырам і таксістам да нападу не было. Прычынай агрэсіі фактычна стала незадаволенасць пасажыра тым, што кіроўца не падтрымліваў з ім размову.

Мужчына мае вышэйшую адукацыю, не жанаты, дзяцей не мае і афіцыйна не працуе. Раней да крымінальнай адказнасці яго не прыцягвалі. Сваю віну ён цалкам прызнаў.

Яму выстаўлена абвінавачанне ў хуліганстве — наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, дэманструюць відавочную непавагу да грамадства, суправаджаюцца гвалтам і пашкоджаннем чужой маёмасці.

Пашкоджанне аўтамабіля на суму 6862,11 рубля мужчына добраахвотна кампенсаваў. Акрамя таго, ён выплаціў таксісту 3000 рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.

Эксперты прыйшлі да высновы, што абвінавачаны мае патрэбу ў прымусовым лячэнні ад хранічнага алкагалізму. Да суда яму абралі меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Чытайце таксама:

«Відаць, не вытрымалі нервы». Кубракоў заступіўся за таксіста-мігранта, які ўдарыў пасажырку

Падлеткі зладзілі флэт, пакуль бацькоў не было дома — скончылася крыміналкай

Топ-10 крымінальных артыкулаў, па якіх часцей за ўсё судзяць беларусаў

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі

Каментары да артыкула