БЕЛ Ł РУС

Музей паэткі Яўгеніі Янішчыц перавезлі ў Пінск. Цяпер уся экспазіцыя змяшчаецца на дзвюх паліцах

5.08.2026 / 17:31

Ф. Раўбіч

Экспанаты з ліквідаванай вясковай школы нарэшце знайшлі новае месца ў Музеі беларускага Палесся. Аднак у вельмі ўрэзаным фармаце.

Сённяшні выгляд экспазіцыі, прысвечанай Яўгеніі Янішчыц, у пінскім Музеі беларускага Палесся. Фота: Threads / siarzhuk_kizim

Фотаздымкі таго, як цяпер выглядае экспазіцыя, апублікаваў у Threads наведвальнік музея. Рэчы Яўгеніі Янішчыц выставілі ў Музеі беларускага Палесся ў Пінску. Уся спадчына паэткі, якую арганізатары змаглі прадставіць наведвальнікам, заняла ўсяго дзве паліцы ў адной шкляной вітрыне.

У каментарах пад публікацыяй карыстальнікі адзначаюць, што ў ранейшым вясковым музеі захоўвалася значна больш цікавых экспанатаў. Цяперашні фармат прэзентацыі памяці паэткі каментатары называюць «сорамам».

Рэчы з музея Яўгеніі Янішчыц у экспазіцыі пінскага Музея беларускага Палесся. Фота: Threads / siarzhuk_kizim

Рэчы з музея Яўгеніі Янішчыц у экспазіцыі пінскага Музея беларускага Палесся. Фота: Threads / siarzhuk_kizim

Гісторыя з пераездам экспазіцыі цягнецца з мінулага года. Як мы пісалі раней, восенню 2025 года школу ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна закрылі. Менавіта там Янішчыц вучылася ў старэйшых класах і там жа доўгі час працаваў яе музей. Пасля ліквідацыі навучальнай установы экспанаты проста склалі ў скрынкі і адвезлі ў Пінскую раённую бібліятэку. Этнаграфічны музей у суседняй вёсцы Мерчыцы тады адмовіўся прымаць гэтыя рэчы, нягледзячы на наяўнасць свабодных плошчаў.

Рэчы з музея Яўгеніі Янішчыц у экспазіцыі пінскага Музея беларускага Палесся. Фота: Threads / siarzhuk_kizim

Рэчы з музея Яўгеніі Янішчыц у экспазіцыі пінскага Музея беларускага Палесся. Фота: Threads / siarzhuk_kizim

Пасля таго як сітуацыя набыла значны грамадскі рэзананс, у справу ўмяшалася Міністэрства культуры. Ведамства палічыла мэтазгодным перадаць Народны музей Яўгеніі Янішчыц менавіта ў Музей беларускага Палесся. Тады паведамлялася, што дзяржаўная ўстанова пагадзілася прыняць экспанаты, аднак маштаб і фармат іх экспанавання на той момант не агучваліся.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула