У Мінску спынілі дзейнасць фінансавай піраміды, якая існавала чатыры гады
У Мінску спынілі дзейнасць арганізаванай групы, якая, як сцвярджаецца, стварыла ў сталіцы фінансавую піраміду, паведамляе прэс-служба МУС.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Паводле інфармацыі следства, у 2022 годзе двое мінчукоў ва ўзросце 27 і 31 года зарэгістравалі фірму, праз якую арганізавалі ашуканскую схему.
Пад выглядам адукацыйнай інтэрнэт-платформы яны прапаноўвалі грамадзянам магчымасць атрымліваць стабільны прыбытак, будаваць кар'еру і атрымліваць дадатковыя бонусы. Для ўдзелу неабходна было набыць камерцыйную ліцэнзію, якая нібыта адкрывала доступ да навучальных матэрыялаў і эксклюзіўнай базы кантрактаў.
Насамрэч, як сцвярджае МУС, навучанне абмяжоўвалася відэаматэрыяламі нізкай якасці, а абяцанай базы кантрактаў не існавала. Кошт такой «ліцэнзіі» складаў ад 200 да 5 тысяч даляраў.
Каб прыцягнуць новых удзельнікаў, арганізатары выкарыстоўвалі псіхалагічны ціск. Людзей, якія не мелі патрэбнай сумы, угаворвалі браць крэдыты і мікрапазыкі. Найчасцей ахвярамі станавіліся маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў.
Паводле папярэдніх даных, больш за 99% усіх паступленняў складалі ўнёскі новых удзельнікаў. Выплаты ранейшым кліентам ажыццяўляліся толькі за кошт прыцягнення новых людзей, а рэальнай прыбытковай дзейнасці арганізацыя фактычна не вяла.
Па ацэнках сілавікоў, колькасць пацярпелых можа перавысіць 500 чалавек, а агульная сума іх страт — 2,5 мільёна рублёў.
Затрыманыя двое арганізатараў і яшчэ чацвёра іх меркаваных саўдзельнікаў. Падчас ператрусаў былі канфіскаваны наяўныя грошы, два дарагія аўтамабілі, камп'ютарная тэхніка, мабільныя тэлефоны і бухгалтарскія дакументы.
Следчыя завялі крымінальную справу па артыкуле аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Падазраваным пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Яны змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання, пяцёра ўжо далі прызнальныя паказанні.
Чытайце таксама:
10‑гадовы хлопчык у Мінску аддаў аферыстам $200 тысяч
Махляры прыдумалі прывабную схему ад «Еўраопта» — на яе лёгка павесціся
Махляры сталі лавіць беларусаў каля банкаматаў
11‑гадовая дзяўчынка хацела ўратаваць бацькоў і схавала іх грошы за гаражамі