Гамяльчук атрымаў нажавое раненне ў жывот, але яшчэ суткі піў з крыўдзіцелем і толькі потым пайшоў да доктара
У Гомелі памінкі памерлай маці ледзь не скончыліся іншай смерцю.
Як піша «Белка», сябры сабраліся па сумнай нагодзе — ушанаваць памяць памерлай маці гаспадара кватэры. Але па меры ап'янення завязалася спрэчка. Гаспадар кватэры схапіў са стала нож і ўдарыў аднаго з таварышаў у жывот.
Інцыдэнт трохі ацвярозіў самога агрэсара. Ён апрацаваў і перавязаў сябру рану, прапанаваў выклікаць хуткую дапамогу, але той адмовіўся.
Памірыўшыся, разам яны пілі яшчэ суткі. І толькі потым пацярпелы, нарэшце, звярнуўся да дактароў.
Важныя для жыцця органы цудам аказаліся не закранутымі, але развіўся крывацёк у брушную поласць.
На судовым пасяджэнні гаспадар кватэры раскаяўся. Яго прысудзілі да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.