БЕЛ Ł РУС

У Мінску чыноўнікі адмянілі расійскую рэйв-вечарынку

9.08.2026 / 15:48

Nashaniva.com

У Мінску адмянілі рэйв-вечарынку «Станцыя метро Горкаўская», якую 15 жніўня планавала правесці аднайменнае творчае аб’яднанне з расійскага Ніжняга Ноўгарада. Арганізатары паведамілі, што ўжо атрыманае гастрольнае пасведчанне праз два тыдні адклікалі, пры гэтым афіцыйную прычыну ім так і не назвалі, піша «Люстэрка».

Рэйв-вечарына праекта «Станцыя метро Горкаўская». Фота: тэлеграм-канал «ГОРЬКОВСКАЯ»

Вечарына мусіла прайсці ў арт-прасторы «ЭХО» на тэрыторыі мінскага завода «Луч». Квіткі каштавалі ад 105 да 205 рублёў.

Пра адмену арганізатары паведамілі 8 жніўня.

«Учора ўвечары адміністрацыя вынесла фінальнае рашэнне пра адмену шэрагу мерапрыемстваў, у тым ліку нашага. Афіцыйнай прычыны мы так і не атрымалі», — гаворыцца ў паведамленні каманды.

У посце не ўдакладняецца, якая менавіта адміністрацыя прыняла рашэнне пра адмену вечарыны. Пры гэтым гастрольныя пасведчанні на мерапрыемствы ў Мінску выдае структурнае падраздзяленне Мінгарвыканкама ў сферы культуры — упраўленне культуры Мінгарвыканкама.

Паводле іх слоў, падрыхтоўка мінскай падзеі пачалася яшчэ ў лютым, калі арганізатары падалі дакументы на атрыманне гастрольнага пасведчання.

«Праз 6 месяцаў наша заяўка была разгледжана, мы атрымалі дазвол і выйшлі ў анонс. Праз два тыдні пасведчанне было адклікана, а продажы квіткоў прыпынены. Наша каманда і партнёры падзеі ў Мінску змагаліся, каб захаваць укладзеныя сілы і правесці задуманае. Але, на жаль, гэтых намаганняў не хапіла», — распавялі арганізатары.

Каманда дадала, што разлічвае ўсё ж правесці мерапрыемства ў Мінску ў будучыні.

«Мы прагна чакалі сустрэчы з дабракамі-беларусамі і падрыхтавалі шмат сюрпрызаў. Але няма месца для смутку. Мы пройдзем гэты шлях зноў, магчыма, некалькі разоў, каб аднойчы ў Мінску адчыніла свае важкія дзверы «Станцыя метро Горкаўская», — напісалі яны.

Купленыя квіткі можна вярнуць па месцы набыцця.

«Станцыя метро Горкаўская» — творчае аб’яднанне з Ніжняга Ноўгарада, якое з’явілася ў 2021 годзе. Каманда ладзіць рэйвы і мультымедыйныя шоу з электроннай музыкай, святлом і візуальнымі эфектамі, гастралюе па Расіі і развівае уласны музычны лэйбл GRK MUSIC.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула