На мітынг у Вільні палітзняволеная Дзядзюля прыйшла з локшынай у руках, каб аддаць яе Кучынскаму. Але не данесла
Новы перформанс актывістаў, якія за мяжой змагаюцца з Офісам Ціханоўскай, але салідарызуюцца з Дзмітрыем Скіндзеравым — персанажам, які быў прызнаны пагрозай нацыянальнай бяспекі Літвы, у тым ліку за супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам.
Дзяніс Кучынскі падчас выступу на плошчы ў Вільні (фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай) і Алена Дзядзюля (фота: ПЦ «Вясна»). Калаж: «Наша Ніва»
Падчас акцыі да шостай гадавіны народнага ўздыму 9 жніўня ў Вільні адбыўся інцыдэнт: былая палітзняволеная Алена Дзядзюля паспрабавала перадаць дырэктару Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве Дзянісу Кучынскаму талерку з локшынай.
Інцыдэнт адбыўся на Кафедральнай плошчы, дзе больш за сто ўдзельнікаў сабраліся, каб узгадаць падзеі жніўня 2020 года, падтрымаць беларускіх палітвязняў і нагадаць пра патрабаванне свабодных выбараў.
На плошчы разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг і размясцілі галерэю з партрэтамі палітвязняў. Пасля мітынгу калона рушыла праз цэнтр Вільні да беларускай амбасады.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла арганізацыя «Дапамога» Наталлі Калегавай.
«Падумала, што яна можа нешта кінуць яму ў твар»
Дзяніс Кучынскі выступаў са сцэны і дзякаваў беларусам за тое, што яны працягваюць удзельнічаць у акцыях салідарнасці:
«Тое, што ў 2020‑м, мы думалі, будзе спрынтам, аказалася марафонам. Я ніколі не буду казаць, што будзе лёгка. Гэта шмат працы, гэта пот і слёзы. Але мы мусім памятаць пра нашых палітвязняў, герояў і пра людзей, якія без мікрафонаў і сцэнаў ціха працягваюць барацьбу ўнутры Беларусі».
Падчас выступу да яго накіравалася Алена Дзядзюля. Побач з Кучынскім у гэты момант знаходзілася кіраўніца «Дапамогі» Наталля Калегава. Яна і спыніла жанчыну.
«Калі я ўбачыла, што яна ідзе да сцэны, то падумала, што яна можа нешта кінуць Дзянісу ў твар. Таму я яе спыніла. Алена дастала талерку з локшынай і паспрабавала ўручыць Дзянісу са словамі: «Вяртаю вам вашу локшыну». Я локшыну выкінула, талерку вызваліла», — расказала «Нашай Ніве» Наталля Калегава.
Паводле яе, прысутныя практычна не адрэагавалі на тое, што адбылося.
Мы звярнуліся да Алены Дзядзюлі па каментар, каб яна патлумачыла сэнс сваёй акцыі. На момант публікацыі Дзядзюля на нашы пытанні не адказала.
Локшына так і засталася ляжаць на плошчы
Хто такая Алена Дзядзюля
Алена Дзядзюля — былая беларуская палітзняволеная, якая цяпер жыве ў Літве і ўваходзіць у суполку былых палітвязняў RE:BELarus.
У верасні 2021 года Дзядзюлю затрымалі разам з іншымі ўдзельнікамі так званай «справы цюкоў». Групу беларусаў абвінавацілі ў тым, што яны размалявалі пратэснымі лозунгамі больш за 80 цюкоў сенажу на полі каля трасы М1 пад Дзяржынскам.
Дзядзюлю прызналі вінаватай у злосным хуліганстве і прысудзілі год калоніі. Яна цалкам адбыла пакаранне і выйшла на волю 10 мая 2022 года.
Да затрымання Дзядзюля была прыёмнай маці: разам з роднымі дзецьмі яна выхоўвала дзвюх дзяўчынак, узятых у сям’ю.
У Літве Дзядзюля стала адной з актыўных удзельніц суполкі RE:BELarus. Яна ўдзельнічала ў акцыях памяці і салідарнасці, дапамагала беларусам у міграцыйным лагеры ў Падброддзі.
Што такое RE:BELarus
RE:BELarus пазіцыянуе сябе як аб’яднанне беларускіх палітвязняў у Літве. Яго прадстаўнікі арганізоўвалі ў Вільні акцыі ў падтрымку Міколы Статкевіча і іншых палітвязняў, ушаноўвалі памяць Вітольда Ашурка і Рамана Бандарэнкі.
Гэта не першая публічная акцыя прадстаўнікоў RE:BELarus супраць людзей з каманды Святланы Ціханоўскай. У лютым 2026 года падчас мітынгу ў Вільні ў памяць пра беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ва Украіне, некалькі былых палітвязняў дэманстратыўна павярнуліся спінамі да дарадцы Ціханоўскай Анатоля Лябедзькі. У руках яны трымалі плакаты «Досыць пустых слоў», «Як Офіс дапамагае палітвязням у Беларусі?» і «Чым Офіс дапамог?».
Пры гэтым апошнім часам асобныя прадстаўнікі RE:BELarus публічна падтрымлівалі выступленні ваяўнічага крытыка Святланы Ціханоўскай Дзмітрыя Скіндзерава. У прыватнасці, Алена Дзядзюля распаўсюджвала на сваёй старонцы інфармацыю пра яго прэс-канферэнцыю.
Менавіта Скіндзераў раней ладзіў правакацыі супраць Дзяніса Кучынскага і абвясціў вайну Святлане Ціханоўскай.
Напады на Дзяніса Кучынскага
Так, у студзені 2026 года Дзмітрый Скіндзераў падышоў да Дзяніса Кучынскага ў адной з віленскіх кавярняў, пачаў здымаць яго на тэлефон, абражаць і пагражаць фізічнай расправай.
«Калі мы паедзем дадому? Колькі грошай адмылі? Якая твая доля? Зараз я табе ўламлю», — крычаў ён.
Прычым запіс хутка распаўсюдзілі беларускія дзяржаўныя медыя і прапагандысцкія тэлеграм-каналы. Пасля гэтага Скіндзераў пачаў рэгулярна публікаваць відэа з нападкамі на Святлану Ціханоўскую і яе каманду. Ён, сярод іншага, заклікаў сваіх прыхільнікаў аказваць ціск на прадстаўнікоў Офіса, у тым ліку «абліваць іх са шклянкі».
У красавіку «Наша Ніва» апублікавала вялікае расследаванне пра Скіндзерава. Мы расказалі пра яго крымінальную судзімасць за вымагальніцтва, шматлікія няўдалыя і абцяжараныя пазыкамі бізнес-праекты, а таксама пра яго ранейшае добраахвотнае супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам.
У чэрвені Скіндзераў паведаміў, што атрымаў ад Дэпартамента міграцыі Літвы паведамленне пра намер пазбавіць яго статусу ўцекача. Прычынай стала інфармацыя літоўскіх службаў, якая дае падставы лічыць яго пагрозай нацыянальнай бяспецы. Звестак пра канчатковае рашэнне літоўскіх уладаў па гэтай гісторыі пакуль няма.
Чытайце таксама:
У Вільні прайшла акцыя да гадавіны народнага ўздыму 9 жніўня