Беларусы сабраліся ў Варшаве пад бел-чырвона-белымі сцягамі
У Варшаве ў гадавіну падзей 2020 года беларусы адзначалі Дзень Годнасці.
Фота тут і далей: прэс-служба Ціханоўскай
Да акцыі далучыліся былыя палітвязні, актывісты, блогеры.
У натоўпе расцягнулі бел-чырвона-белыя сцягі.
Прысутнічалі таксама Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, пасол па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Яраслаў Чарнагор, польскі грамадскі дзеяч і журналіст Адам Міхнік.
Са сцэны Ціханоўская нагадала пра сапраўдны беларускі цуд шэсць гадоў таму, калі ні эксперты, ні ўлады, ні спецслужбы не маглі прадказаць, што мільёны беларусаў выйдуць на вуліцы.
«Рэжым ламаў галаву: хто выводзіць людзей? Хто ўсё гэта арганізаваў? А адказ быў вельмі просты: беларусы самі.
Нас з вамі хавалі ўжо не адзін раз. Казалі: яшчэ пару месяцаў — і ўсё. Перасварацца, раз’едуцца, забудуцца. Але вось ужо шэсць гадоў — і беларускі рух жыве. Мы жывем! Прыходзяць новыя людзі, з’яўляюцца новыя ідэі, выходзяць палітвязні.
Таму калі ў некага цяпер апускаюцца рукі — згадайце пра дваццаты. Беларускае, жывое, свабоднае ўсё роўна прарасце, як бы яго ні спрабавалі задушыць. Мы проста павінны рабіць сваю справу і рыхтавацца да новага акна магчымасцяў», — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба.