БЕЛ Ł РУС

У Гродне адмянілі ўсе квізы

10.08.2026 / 15:13

Nashaniva.com

Інтэлектуальна-забаўляльныя гульні ў Гродне прыраўнялі да масавых мерапрыемстваў. Праз гэта арганізатары цяпер павінны атрымліваць на іх дазвол. Большасць запланаваных на жнівень гульняў адмененыя, піша Hrodna.life.

Першым пра адмену паведаміў адзін з найстарэйшых гродзенскіх квізаў «Вспомнить все». Праз некалькі дзён стала вядома, што не будзе і іншых гульняў.

«Усе гульні да 20 жніўня адменены. Рэгістрацыі прыпынены», — напісалі ў сваіх сацсетках арганізатары квіза «Смузі».

Часова спыніліся таксама іншыя квізы: «Мазгабойня», «Туц-Туц», «Угадай мелодию» і «Матрошка».

Гродзенцы ў Threads абураюцца рашэннем мясцовых уладаў. Яны пішуць, што ў іншых гарадах Беларусі такіх дазволаў не патрабуюць. А вось жыхары іншых гарадоў, напрыклад Брэста, хвалюцца, што ў іх, па аналогіі з Гроднам, таксама пачнуць адмяняць квізы.

«Гэта ж быў такі класны культурны адпачынак для гродзенцаў», — піша адна з карыстальніц.

Дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства выдаюць у мясцовым выканкаме.

Падаць заяву трэба за 15 дзён да падзеі. У заяве трэба пазначыць даныя арганізатараў, мэты і месца правядзення мерапрыемства, а таксама меркаваную колькасць удзельнікаў.

Калі мерапрыемства трапляе пад катэгорыю культурна-відовішчнага, то яго арганізатар абавязаны быць у рэестры Мінкульта і мець гастрольнае пасведчанне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула