БЕЛ Ł РУС

Беларуска патраціла на вяселле ў вёсцы $20 тысяч

11.08.2026 / 08:00

Арына Жураўская

Што там было за такія грошы?

Ганна і Ілля. Фота з інстаграма Ганны

Беларуска Ганна распавяла ў інстаграме, колькі патраціла на сваё вяселле на 40 чалавек, якое адбылося ў ліпені.

У якасці пляцоўкі маладзёны выбралі сядзібу ў вёсцы Морына ў Іеўскім раёне.

Яе арандавалі на два дні і заплацілі $5500. У гэты кошт, акрамя арэнды памяшкання для вяселля і хатак для начоўкі, увайшлі таксама ежа (па 1,5 кілаграма на госця), праца афіцыянтаў і арэнда кавамашыны.

Плюс яшчэ быў фуршэт, які пацягнуў $400, і выязны бар за $2400. Першапачаткова разлічвалася, што кожны госць вып’е па тры кактэйлі, а далей будзе піць віно. Але атрымалася так, што запрошаныя аддалі перавагу кактэйлям, а віна ў выніку засталося шмат нявыпітага.

Прызоў для конкурсаў набылі на $100.

Трансфер для гасцей каштаваў $340, арэнда машыны для маладых — $230.

На вобраз нявесты патрацілі $2300, на вобраз жаніха — $1900. Заручальныя пярсцёнкі з белага золата каштавалі $860. За макіяж ды прычоскі нявесты, яе маці і свекрыві аддалі $300.

Праца арганізатара і каардынатара вяселля абышлася ў $700, вядучага — $800, дыджэя — $200, фатографа — $1200, відэографа — $500. Дэкаратару далі $1300 (у суму ўвайшлі таксама неабходныя абрусы, свечкі, кветкі і гэтак далей).

Крыху сэканоміць атрымалася на запрашэннях — іх пара рабіла самастойна, спатрэбілася толькі аплаціць падпіску на Tilda. Ды і торт атрымаўся таннейшым, бо яго рабіла маці жаніха, і неабходна было толькі набыць інгрэдыенты — але і яны пацягнулі на $180.

Сюрпрыз ад сяброў

Па падліках Ганны, усё вяселле ім абышлося прыблізна ў $20 тысяч.

Яна спытала падпісчыкаў, ці танна гэта. Найбольш папулярны каментар такі: «Калі $20 тысяч лішнія, то нармальна. А так лепш з'ездзіць адпачыць плюс набыць машыну ці кватэру. Маё меркаванне — марнаванне грошай». Дзяўчына ж у адказ спытала, чаму неабходна выбіраць.

Пасля Ганна ўдакладніла, што прынцыпова супраць вяселляў у крэдыт. Таму калі б магчымасці не было, то яны б не сталі рабіць такое маштабнае свята.

Агулам большасць каментатараў такіх выдаткаў на вяселле не зразумела: «Вельмі дорага, два дні гуляць у сучасных рэаліях — недазвольная раскоша. Дэкаратар за такія грошы там дэкарацыі да поўнаметражнага фільма рабіў?», «У нас вяселле на 32 чалавекі без лішняй мішуры і арганізатараў-каардынатараў выходзіць у $5‑6 тысяч, таму не ведаю, што сказаць».

Але былі і іншыя адказы. Яшчэ адна дзяўчына прызналася, што пачала планаваць вяселле летась у снежні — тады арганізатары абяцалі, што маладыя ўкладуцца ў $7 тысяч. Але па выніку вяселле сёлета ў жніўні абышлося прыблізна ў тую ж суму, як у Ганны — але на 20 чалавек. «У працэсе падрыхтоўкі зразумелі, што не гатовыя, але было позна, прыйшлося выцягваць».

Чытайце таксама:

Першая віцэ-міс Беларусі выйшла замуж ФОТЫ

Беларускі комік Максім Заяц ажаніўся з вядомай расійскай вядучай. На вяселлі яны выйшлі пад «Завіруху»

Дзесяць гадоў таму дзве пары маладажонаў выпадкова сустрэліся на мосце ў Ваўкавыску. А цяпер знайшлі адны адных у сацсетках

«Мы ачмурэлі ад таго, наколькі гэта дорага». Колькі беларусы зараз трацяць на вяселле

Каментары да артыкула