Бабарыка: Я не патрэбен Ціханоўскай і дэмакратычнаму руху ні ў якой якасці
Былы палітвязень Віктар Бабарыка заявіў, што не бачыць сябе ў дзейнай сістэме беларускіх дэмакратычных сіл. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве.
Віктар Бабарыка. Фота: «Наша Ніва»
Адказваючы на пытанне, чаму ён не спяшаецца далучацца да дзейнасці дэмакратычных сіл як грамадскі і палітычны лідар, Бабарыка сказаў, што цягам паўгода аналізаваў падзеі апошніх шасці гадоў і спрабаваў зразумець, «наколькі я магу быць патрэбны палітычным лідарам, рухам, якія існуюць».
«Маё вызначэнне палітычнага актывіста або лідара, або тым больш проста палітыка, вельмі-вельмі складанае, бо я неяк даваў сваё паняцце, хто такі палітык. І калі ў 2020‑м годзе я ім дакладна быў, то цяпер вельмі складана сказаць, ці з'яўляюся я палітыкам.
Я паўгода ці крыху больш патраціў на тое, каб прааналізаваць, а што, уласна, за ўсе гэтыя 6 гадоў адбылося, і наколькі, як мне здаецца, я магу быць патрэбны палітычным лідарам, рухам, якія існуюць. І, як і ў 20‑м годзе, я зразумеў, што нікому не патрэбны», — сказаў Бабарыка.
Ён дадаў, што і ў 2020‑м годзе «не быў патрэбны нікому з дзейных партый і лідараў, якія існавалі на той момант».
«Тая самая гісторыя назіраецца і цяпер. То-бок я не патрэбны дзейным гульцам ні ў якой якасці», — адзначыў ён.
На пытанне, ці прапаноўваў ён супрацоўніцтва прадстаўнікам дэмакратычных сіл, Бабарыка адказаў адмоўна.
«Я ніколі нікому нічога не прапаную. Калі я камусьці патрэбны, звычайна прыходзяць і кажуць: «Слухайце, давайце разам папрацуем», — сказаў ён.
Чытайце таксама:
Латушка — Бабарыку: Я таксама размаўляю з сябрамі. У нас розныя сябры