БЕЛ Ł РУС

Што вядома пра Максіма Палянскага і Мікалая Свірыдава — беларускіх альпіністаў, якія зніклі ў гарах Кыргызстана

11.08.2026 / 22:25

Баляслаў Ліманоўскі

Пошукі працягваюцца амаль тыдзень.

Максім Палянскі і Мікалай Свірыдаў. Фота: magadan.by

Трое дасведчаных турыстаў — двое з Беларусі і адзін з Літвы — зніклі ў гарах Кыргызстана пасля ўзыходжання на пік Карумду. 1 жніўня а 10:30 яны падняліся на вяршыню. Ішлі паўночным грэбенем. 2 жніўня паведамілі, што 4 жніўня будуць гатовыя да выезду. Больш сувязі не было. Кіроўца прыязджаў у дамоўленае месца 4 і 5 жніўня, але група не выйшла.

Максіму Палянскаму 43 гады. Ён жыве ў Калодзішчах. Скончыў факультэт радыётэхнікі і электронікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Па прафесіі — інжынер-канструктар. 

Максім любіць актыўны адпачынак. Ён шмат падарожнічаў па Беларусі на роварах, байдарках, лыжах і пешшу. Ездзіў і за мяжу ў горы.

60‑гадовы Мікалай Свірыдаў з Салігорска. Мае вышэйшую тэхнічную адукацыю, працуе інжынерам.

Мікалай Свірыдаў. Фота з ягонага фэйсбука

У Мікалая званне кандыдата спорту па турызме і першы разрад па альпінізме (прынамсі на 2016 год). Займаецца альпінізмам з маладосці і сам водзіць экспедыцыі. Акрамя гэтага, бегае марафоны, ходзіць у шматдзённыя паходы і сплаўляецца па рэках.

Абодва мужчыны маюць тытул «Снежны барс», то-бок яны падняліся на ўсе пяць сямітысячнікаў, размешчаных на тэрыторыі былога СССР.

Адкрыты грашовы збор на дапамогу ў пошуку.

Чытайце таксама:

«У нас няма іх каардынат, і гэта галоўная складанасць аперацыі». Як ідзе пошук зніклых у гарах Кыргызстана беларусаў і літоўца

Каментары да артыкула