У Мінску чысцілі рэчку і ледзь не ўтапілі экскаватар
На мінулым тыдні ў мінскім мікрараёне Брылевічы экскаватар часткова апынуўся пад вадой у рэчцы Лошыца. Фатаграфіі і відэа здарэння відавочцы распаўсюдзілі ў сацыяльных сетках, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Незвычайную карціну за сталічнай сярэдняй школай № 9 некалькі дзён маглі назіраць мясцовыя жыхары: экскаватар, напалову ўтоплены ў вадзе, стаяў без руху. Як высветлілася, падчас ачысткі ракі ад расліннасці, глею і рознага смецця землярыйная машына трапіла ў яму. Глыбіня ўпадзіны складала каля паўтара метра, таму самастойна выбрацца экскаватар не змог.
Аперацыя па вызваленні тэхнікі працягвалася некалькі дзён і завяршылася ў мінулую суботу. Спачатку спецыялісты знізілі ўзровень вады ў гэтым месцы. Пасля гэтага з маторнага адсека дасталі акумулятар і прасушылі паветраны фільтр.
Паралельна рыхтавалі шлях для выцягвання экскаватара. З грунту зрабілі своеасаблівы мост, усталявалі металічныя слані — спецыяльны насціл, пасля чаго тэхніку, якая загрузла ў вадзе, выцягнулі з дапамогай тросаў і іншай тэхнікі.
Падчас работ ваду перапампавалі з аднаго боку ракі на другі. Пасля завяршэння ўсіх неабходных маніпуляцый насып прыбралі, а ўзровень вады ў рацэ аднавіўся.
Па словах прадстаўніка Таварыства ратавання на водах, у выніку праведзеных работ узровень вады ў вадаёме аднавіўся і ягоным жыхарам нічога не пагражае.
Чытайце таксама:
На Нарачы перакуліўся катамаран
У Беларусі з'явілася новае бірузовае возера. Дзе яно?
«Што твораць?» Жыхары Брэста ў шоку ад ландшафтных пераўтварэнняў у цытадэлі
Случ у Слуцку так зарасла, што плыні месцамі ўжо амаль і не відаць