Ціханоўская пра Мілінкевіча: Яго адданасць Беларусі натхняла
Святлана Ціханоўская выказала глыбокія спачуванні родным, блізкім і ўсім беларусам у сувязі са смерцю палітыка, вучонага і грамадскага дзеяча Аляксандра Мілінкевіча. Яна падкрэсліла, што яго смерць — гэта вялікая і непапраўная страта для ўсёй краіны і дэмакратычнага руху.
«З цяжкім сэрцам даведалася пра тое, што ад нас сышоў Аляксандр Мілінкевіч. Чалавек выключнай годнасці, светлай душы і светлага розуму, які стаў для многіх з нас сапраўдным арыенцірам.
Дзякуючы сваёй мудрасці і жыццёваму досведу Аляксандр Уладзіміравіч быў для мяне надзейнай апорай і чалавекам, да чыёй думкі я заўсёды прыслухоўвалася з вялікай павагай», — напісала Ціханоўская.
Яна адзначыла, што палітык быў адным з самых яскравых і годных палітыкаў свайго часу. У 2006 годзе змог аб’яднаць вельмі шмат розных партый і рухаў, каб выкарыстаць выбары для актывізацыі нацыянальных сілаў.
«Яго адданасць Беларусі, нашай мове і культуры натхняла кожнага, каму выпаў гонар працаваць з ім побач.
Аляксандр Уладзіміравіч умеў аб’ядноўваць, слухаць і падтрымліваць у самыя складаныя моманты. Гэта велізарная і горкая страта для ўсіх нас», — напісала яна.
Ціханоўская выказала свае спачуванні сям’і, родным, блізкім і ўсім, каму Аляксандр Уладзіміравіч быў дарагі.