«Са шляхетнай душой, але неверагодна сціплы». Вядомыя беларусы ўспамінаюць Мілінкевіча
Раніцай 11 жніўня памёр Аляксандр Мілінкевіч, беларускі палітык і навуковец. «Наша Ніва» сабрала ўспаміны пра яго. Людзі згадваюць і 2006‑ты — як, напрыклад, «Мілавіца» перажывала, каб іх прадукцыя не асацыявалася з Мілінкевічам з-за лагатыпу.
Анатоль Лябедзька ведаў Мілінкевіча яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2006-га, дзе Аляксандр быў адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл. Далей былі гады супрацы ў палітыцы і 2020-ты, дзе Мілінкевіч зноў не застаўся ў баку.
«У апошнія гады мы таксама заставаліся разам — падтрымлівалі Святлану Ціханоўскую як лідарку дэмакратычных сіл Беларусі, за якую сапраўды прагаласавалі мільёны беларусаў.
Алесь ніколі не быў «барыкадным палітыкам», хаця менавіта на такі фармат часта ёсць попыт у аўтарытарнай краіне. Ён заняў сваю ўласную нішу інтэлігентнага, дасведчанага і прынцыповага палітыка, чалавека з глыбокім разуменнем Беларусі і яе еўрапейскай будучыні.
І гэта, напэўна, самае важнае — тое, што чалавек пакідае пасля сябе. Алесь пакінуў шмат — ідэі, справы, адносіны, памяць і веру ў еўрапейскую Беларусь», — піша Лябедзька.
Рэжысёр Мікалай Халезін адрэагаваў на смерць Мілінкевіча лаканічна, але пранікнёна:
«Зноў смутак. Сышоў Аляксандр Мілінкевіч. Былі дружныя з ім больш за чвэрць стагоддзя.
Чалавек, у прыстойнасці і сумленнасці якога не давялося засумнявацца ні разу за ўсе гэтыя гады. Як і ў тым, што самым дарагім для яго ў жыцці былі сям’я і Беларусь. Светлая памяць, дружа».
Аляксандр Мілінкевіч з жонкай Інай Кулей у сакавіку 2006-га. Фота: LookByMedia
Актывіст партыі АГП Уладзімір Шанцаў апісвае смерць Мілінкевіча як асаблівую страту. На выбарах 2006‑га Шанцаў быў яго даверанай асобай.
«За ўдзел у той кампаніі давялося адседзець 15 сутак. Але сёння ўспамінаюцца не гэтыя суткі. Успамінаецца іншае — надзея.
Тады сапраўды здавалася, што мы можам змяніць Беларусь. Што можам перамагчы страх. Што вельмі розныя людзі здольныя аб’яднацца дзеля адной мэты — свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі. Аляксандр Мілінкевіч стаў адным з сімвалаў таго часу і той надзеі», — расказвае Шанцаў.
Франак Вячорка дзеліцца незвычайным успамінам з той кампаніі 2006-га. Калі Мілінкевіча вылучылі адзіным кандыдатам, першыя лагатыпы для яго кампаніі распрацоўваў мастак Міхал Анемпадыстаў. Ён казаў, што Мілінкевіч пазнавальны барадой, таму і на лагатыпе мусіць быць барада.
Атрымалася цікавей:
«Барада на лагатыпе так і не з’явілася, але з лёгкай рукі Анемпадыстава з’явілася лагоднае скарачэнне Мі (ад Мілінкевіч) з сэрцайкам на «і». І яно было такое цудоўнае, і ўсе ім карысталіся пэўны час.
Пакуль «Мілавіца» не даслала афіцыйнае папярэджанне, маўляў, яны таксама выкарыстоўваюць «Мі» у сваім маркетынгу і не хочуць, каб іх прадукцыя асацыявалася з Мілінкевічам».
Журналіст Дзмітрый Гурневіч разважае не пра самі сустрэчы з Мілінкевічам, а хутчэй пра ўражанне, якое той пакінуў:
«Эталон беларуса ў нашай рамантычнай нацыянальнай літаратуры — мудры, адважны, але і памяркоўны, адукаваны, эмпатычны, вельмі ўважлівы, працавіты і энергічны чалавек. Менавіта такім быў Аляксандр Мілінкевіч, у ім не было нічога, што б адштурхоўвала.
Чалавек са шляхетнай душой, але пры гэтым неверагодна сціплы. Яго самай запамінальнай рысай для мяне застанецца незвычайны вайб спакою. Пасля размовы з ім заўсёды было адчуванне як пасля наведвання канцэрту сімфанічнай музыкі або царквы — ніякага напружання, лёгкасць і спакой. Няхай яго душы так будзе ў вечнасці. Дзякуй Вам за ўсё, спадар Аляксандр».
Былы кіраўнік «Байсола» Андрэй Стрыжак піша пра свой досвед удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2006-га. На той час Стрыжак толькі ачуняў ад пералома пазваночніка і пачаў вяртацца ў актывізм:
«Запомніўся ўдзел у зборы подпісаў, размовы з выбарцамі, паход па кватэрах.
Выбары 2006 скончыліся першым намётавым мястэчкам і народным перайменаваннем Кастрычніцкай плошчы ў плошчу Каліноўскага.
Гэтым жа імём потым назавуць спецыяльную стыпендыяльную праграму польскага ўраду, якая будзе дапамагаць адлічаным за палітыку беларускім студэнтам працягнуць адукацыю ў Польшчы. Мілінкевіч тады зрабіў шмат не толькі для таго, каб людзі адчулі магчымасць выбару, але ж і не кінуў у бядзе тых, хто пайшоў за ім і паплаціўся за гэта вучобай».
Хрысціянскі актывіст Сергій Мельянец называе Аляксандра чалавекам, якога ён паважаў і будзе паважаць, у якога словы не разыходзіліся са справай. Сергій сустракаўся з Мілінкевічам двойчы:
«Першы раз — у далёкім 2006‑м годзе, калі мы са Светай прыйшлі яго паслухаць каля кінатэатра «Бярэсце». Яго выступ мне адразу спадабаўся — выразна, інтэлігентна, прыгожа. Памятаю, нягледзячы на холад, ён быў без шапкі. І яго цудоўная жонка тады была каля яго, і потым — заўжды каля яго.
Наступны раз сустрэліся ўжо ў Польшчы. Ён знайшоў час, каб сустрэцца са мной і напісаць хадайніцтва пра маю сям’ю польскім уладам. Словы на гэтым аркушы паперы кранулі маё сэрца. Ён ведаў, чым я займаўся ў Беларусі і чаго маёй сям’і гэта каштавала».