У Белавежскай пушчы знайшлі грыб, які не сустракаецца больш нідзе ў Еўропе
У Белавежскай пушчы навукоўцы знайшлі найбуйнейшую вядомую ў свеце папуляцыю рэдкага грыба Osteina rhodophila. На сёння ў Еўропе гэты від зафіксаваны толькі тут. Найбліжэйшыя вядомыя месцы яго росту знаходзяцца ў двух ізаляваных лакалітэтах у Лясным Паволжы Расіі, паведаміла прэс-служба Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».
Фота: npbp.by
Даследчыкам нацыянальнага парку ўжо ўдалося знайсці 14 месцаў, дзе грыб стабільна ўтварае пладовыя целы. Такая высокая канцэнтрацыя лічыцца вынікам асаблівага ахоўнага рэжыму Белавежскай пушчы.
Osteina rhodophila мае вельмі вузкую спецыялізацыю. Ён развіваецца выключна на старых адмерлых пладовых целах іншага рэдкага грыба — ружовага трутавіка (Fomitopsis rosea), які занесены ў Чырвоную кнігу. Менавіта таму назва rhodophila перакладаецца як «той, хто любіць ружовае». Самі пладовыя целы астэіны падчас росту таксама набываюць характэрны далікатна-ружовы колер. Спораносны слой у грыба трубчасты, з глыбокімі порамі няправільнай лабірынтападобнай формы.
Фота: npbp.by
У лясной экасістэме астэіна выконвае ролю так званага дэструктара другога парадку. Спачатку ружовы трутавік раскладае мёртвую драўніну елкі. Пасля адмірання яго пладовых целаў яны становяцца субстратам для Osteina rhodophila. Грыб працягвае раскладаць рэшткі арганічнага матэрыялу і тым самым спрыяе вяртанню пажыўных рэчываў у прыродны кругаварот.
Для існавання гэтага віду неабходныя вельмі спецыфічныя ўмовы: буйныя адмерлыя елкі на позніх стадыях раскладання, ужо заселеныя ружовым трутавіком, а таксама стабільны мікраклімат. Таму любая гаспадарчая дзейнасць — у тым ліку санітарныя высечкі або прыбіранне паваленых і адмерлых дрэў — можа разбурыць увесь экалагічны ланцужок, неабходны для яго існавання.
Фота: npbp.by
Выяўленне адразу 14 стабільных месцаў росту Osteina rhodophila стала для навукоўцаў яшчэ адным сведчаннем таго, што запаведны рэжым Белавежскай пушчы дазваляе захоўваць складаныя прыродныя працэсы і ўнікальныя экасістэмы першабытнага лесу.
Чытайце таксама:
Грыбнік паказаў сем відаў лісічак з беларускіх лясоў
Пад Гроднам знайшлі велізарны грыб памерам з чалавечую галаву ФОТЫ
У Буда-Кашалёўскім раёне знайшлі новы для краіны від лішайніку