БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Расія б'е па Украіне паўночнакарэйскімі ракетамі

11.08.2026 / 16:32

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што падчас сённяшняга начнога расійскага ўдару па Запарожжы былі выкарыстаныя балістычныя ракеты паўночнакарэйскай вытворчасці. Паводле ўкраінскага боку, у выніку атакі загінулі шэсць чалавек, яшчэ 19 атрымалі раненні.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: KCNA

Зяленскі сцвярджае, што па Запарожжы Расія нанесла ўдары паўночнакарэйскімі балістычнымі ракетамі, ракетамі «Цыркон» і кіраванымі авіябомбамі. Паводле яго слоў, атака была накіраваная на тое, каб нанесці максімальную шкоду цывільнай інфраструктуры.

Украінскі прэзідэнт таксама заявіў, што вайсковае супрацоўніцтва Расіі і КНДР працягвае пашырацца. Паводле яго інфармацыі, Масква ўжо атрымала ад Пхеньяна новую партыю балістычных ракет і рыхтуецца размясціць на сваёй тэрыторыі дадатковы паўночнакарэйскі вайсковы кантынгент. Украінскія ўлады ацэньваюць яго магчымую колькасць на 30—50 тысяч чалавек, аднак крыніца гэтых звестак не ўдакладняецца.

Расія і Паўночная Карэя значна зблізілі вайсковыя сувязі пасля падпісання ў 2024 годзе дамовы аб усёахопным стратэгічным партнёрстве. Пасля гэтага Пхеньян пачаў аказваць Маскве больш шырокую вайсковыя падтрымку, а паўночнакарэйскія вайскоўцы былі задзейнічаныя, у баях у Курскай вобласці.

Выкарыстанне балістычных ракет стварае дадатковыя праблемы для ўкраінскай супрацьпаветранай абароны. Такія ракеты здольныя перахопліваць толькі асобныя сістэмы, у тым ліку амерыканскія комплексы Patriot. Пры гэтым Украіна сутыкаецца з дэфіцытам ракет-перахопнікаў.

Акрамя Запарожжа, у тую ж ноч расійскія войскі атакавалі Кіеў і Днепрапятроўскую вобласць. Расійскае Міністэрства абароны заявіла пра групавы ўдар высокадакладнымі наземнымі сродкамі па аб'ектах вайскова-прамысловага комплексу і транспартна-лагістычнай інфраструктуры ў Кіеве і Запарожжы.

У Днепрапятроўскай вобласці, паводле слоў мясцовых уладаў, расійскія беспілотнікі і артылерыя атакавалі пяць раёнаў. Загінулі тры чалавекі, яшчэ пяць атрымалі раненні.

Чытайце таксама:

КНДР зарабіла дзясяткі мільярдаў даляраў на вайне Расіі супраць Украіны

КНДР адпраўляе ў Расію вайскоўцаў і новую партыю балістычных ракет

Шматдзетную сям'ю пад Крывым Рогам забіла ракета з КНДР

Расія і Паўночная Карэя амаль дабудавалі першы аўтамабільны мост паміж краінамі

Каментары да артыкула