«Вы бачылі шпалеры ад забудоўшчыка? Гэта ж страшны сон». За што крытыкуюць дзяржаўны рамонт у кватэрах для чаргавікоў?
Кватэры, якія будуюць для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, здаюць з абавязковым рамонтам, а не проста з голымі сценамі. Выглядае зручным, але задаволеныя такім падыходам не ўсе.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media
Цалкам адмовіцца ад дзяржаўнага рамонту немагчыма
Жанчына, якая пабудавала такую кватэру ў Баранавічах, паскардзілася ў трэдсах на гэты абавязковы рамонт.
«Мы робім рамонт у новабудоўлі, і гэта трындзец. Я ў шоку, і мяне ўжо ванітуе. Будаваліся мы як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і ў кошт быў закладзены рамонт. Кошт рамонту — $7000.
Мы адмовіліся ад яго (ад большай часткі), але грошы не вяртаюцца, проста мы зэканомілі трохі часу і грошай на дэмантажы», — апісвае сітуацыю блогерка і далей па пунктах прыводзіць асноўныя прэтэнзіі.
Напрыклад, дзяўчына не разумее, навошта так высока ставіць лічыльнікі вады на кухні і чаму ў доме мала разетак.
«А шпалеры! Вы бачылі шпалеры ад забудоўшчыка — гэта ж страшны сон дызайнера і нават не дызайнера. Устаноўка дзвярэй без ліштваў», — пералічвае яна.
Базавы мінімум
Частка каментатараў прыйшла да высновы, што калі чалавек сапраўды лічыцца тым, хто мае патрэбу, то ён не мусіць скардзіцца на рамонт. Маўляў, такія людзі мусяць быць задаволеныя самой магчымасцю пабудаваць жытло на льготных умовах.
Адна з кватэр для чаргавікоў. Ілюстрацыйнае фота: realt.by
«Дык вы кватэру атрымалі як тыя, хто мае патрэбу, значыць, вам няма дзе жыць/цесна ў цяперашняй жылплошчы і няма сродкаў, каб купіць самім. Вам не здаецца, што словы «маюць патрэбу» і «дызайнерскі» рамонт дзесьці на процілеглых канцах сусвету?» — піша адзін з каментатараў.
«Там тэма такая, што калі чалавек мае патрэбу, то гэтага базавага мінімуму павінна хапіць, а калі ёсць грошы на рамонт, то якія вы тады тыя, хто мае патрэбу», — лічыць іншы.
Блогерка ў адказ тлумачыць, што мець патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў — не азначае быць жабраком.
Знайшліся і тыя, хто адразу перараблялі ўсё нанова пад сябе.
«Ёсць тыя, каму трэба хоць такое — хай плацяць гэтыя 7 тысяч і радуюцца, пытанняў няма. Камусьці гэта не трэба, і атрымліваецца проста выкідванне грошай.
Навошта рабіць тое, што выкінуць, калі можна не рабіць і не марнаваць грошы», — задаецца пытаннем жанчына, якая таксама набыла кватэру ў адным з раённых цэнтраў з абавязковым аздабленнем.
«Усё тое ж самае. Усё зроблена проста па праекце, а самі потым усё перараблялі пад сябе. Усе разеткі і ўсё астатняе. Былі нават пытанні з вокнамі, выпраўлялі», — падзялілася досведам іншая.
Некаторыя адзначаюць, што такі падыход — гэта больш клопат пра дзяржаўных вытворцаў, чым пра пакупнікоў кватэр.
«Аздабленне ад забудоўшчыка для тых, хто мае патрэбу — гэта паразітаванне падрадчыкаў і вытворцаў матэрыялаў на нашых падатках», — напісаў адзін з каментатараў.
«Такія рамонты падтрымліваюць падаючыя штаны многіх прадпрыемстваў: унітаз «Керамін» у кожны дом, пліту «Гефест», плітку бярозаўскую, гомельскія шпалеры і гэтак далей», — лічыць іншы.
Як выглядае гэты рамонт?
Кватэр, якія прадаюцца з дзяржаўным аздабленнем, няшмат, але некалькі аб'яў у Мінску даюць даволі выразнае ўяўленне пра тое, што там робяць.
Інтэр'еры адной з мінскіх кватэр па адрасе вул. Убарэвіча, 98А. Фота: realt.by
Так выглядаў рамонт у адной з кватэр, якую прадавалі ў доме па адрасе вуліца Убарэвіча, 98А. Шэрыя шпалеры і шэры ламінат. Разеткі ў жылым пакоі ёсць у кожным куце, але ўсе яны адзінарныя.
Падлога і шпалеры ва ўсіх пакоях аднолькавыя. На кухні стаіць пліта і чыгунны рукамыйнік.
Белыя сцены толькі ў ванным пакоі і туалеце. На падлозе шэрая плітка, прычым вельмі падобная да той, што ляжыць у пад'ездзе.
Інтэр'еры адной з мінскіх кватэр па адрасе вул. Убарэвіча, 98А. Фота: realt.by
Яшчэ адна аднапакаёўка нядаўна прадавалася ў доме для чаргавікоў па адрасе вуліца Карвата, 3а.
Інтэр'еры адной з кватэр па адрасе вул. Карвата, 3а. Фота: realt.by
У ей тыя самыя шэрыя шпалеры, чыгунны рукамыйнік, электрапліта і шэрая падлога, хоць з крыху іншым адценнем.
Інтэр'еры адной з кватэр па адрасе вул. Карвата, 3а. Фота: realt.by
А ў ванным пакоі і туалеце ляжыць не шэрая, а карычневая плітка. Адпаведна, такая самая ляжыць і ў пад'ездзе.
50 адценняў шэрага
З падобным аздабленнем цяпер прадаюць кватэру ў доме па вуліцы Сцяпана Злобіна, 16.
Інтэр'еры адной з кватэр па адрасе вул. Сцяпана Злобіна, 16. Фота: realt.by
У інтэр'ерах усё тыя ж шэрыя шпалеры ў пары з шэрым ламінатам. І так ва ўсіх памяшканнях, апроч ваннага пакоя і туалета.
Міжпакаёвыя дзверы і фурнітура таксама максімальна бюджэтныя.
Інтэр'еры адной з кватэр па адрасе вул. Сцяпана Злобіна, 16. Фота: realt.by
На падлозе ў ванным пакоі і туалеце ляжыць шэрая плітка. Стаіць рукамыйнік, ванна і туалет.
Апроч людзей, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, кватэры з аналагічным аздабленнем звычайна выдаюць тым, чые дамы былі знесеныя.
Мусіць стаць лепш?
Але ўсе гэтыя кватэры на фота былі пабудаваныя яшчэ па старых нормах. Рэч у тым, што з 1 ліпеня 2026 года пачала дзейнічаць абноўленая інструкцыя Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, якая мусіць прынесці з сабой больш высокі стандарт аздаблення.
Вось што разумеецца пад больш высокімі стандартамі: калі раней у ванным пакоі і прыбіральні сцены былі афарбаваныя, а плітка была абавязковай толькі на падлозе, то цяпер сцены ў ванных пакоях і санвузлах павінны быць цалкам абліцаваныя глазураванай пліткай.
Калі стары стандарт дазваляў выкарыстанне лінолеуму і дошкі, то цяпер пра лінолеум можна забыць. У жылых пакоях дазволена толькі паркетная дошка або ламінат. У калідорах і каморах — плітка ці ламінат. На кухні, у санвузлах, на балконах і ў тамбурах — толькі плітка.
Апроч таго, у гарадскіх кватэрах на кухні, у санвузлах і дапаможных памяшканнях можна будзе рабіць нацяжныя столі замест афарбаваных.
Наколькі абноўлены стандарт паўплывае на колькасць задаволеных — пытанне складанае. З улікам таго, які падыход маюць забудоўшчыкі да выбару матэрыялаў, нельга выключаць, што тая ж плітка на падлозе ў кухні і на сценах у ванным пакоі і туалеце толькі выкліча дадатковыя выдадкі для яе дэмантажу.
Ці можна адразу прадаваць такія кватэры?
Так, у адрозненне ад кватэр з ільготным крэдытаваннем, на продаж кватэр, пабудаваных чаргавікамі, няма ніякіх абмежаванняў.