БЕЛ Ł РУС

Ліван першым на Блізкім Усходзе адмяніў смяротнае пакаранне

11.08.2026 / 18:41

Nashaniva.com

Парламент Лівана 11 жніўня прагаласаваў за поўную адмену смяротнага пакарання. Такім чынам, краіна стала першай на Блізкім Усходзе, якая афіцыйна адмовілася ад вышэйшай меры пакарання і замяніла яе пажыццёвым зняволеннем з прымусовай працай, паведамляе Al Jazeera.

Парламент Лівана. Фота ілюстрацыйнае

За закон прагаласавала большасць дэпутатаў ліванскага парламента, які складаецца са 128 чалавек. Дэпутаты ад парламенцкага блока «Хезбала» не падтрымалі дакумент.

Міністр юстыцыі Лівана Адэль Насар назваў пастанову гістарычным крокам для краіны. Ён адзначыў, што захаванне смяротнага пакарання раней стварала праблемы для Бейрута пры спробах дамагчыся экстрадыцыі падазраваных з дзяржаў, дзе вышэйшая мера пакарання забароненая.

Скасаванне смяротнага пакарання віталі і праваабаронцы. У Human Rights Watch заявілі, што гэта важны крок наперад у сферы правоў чалавека.

Зрэшты, ужо больш за 20 гадоў смяротнае пакаранне захоўвалася ў ліванскім заканадаўстве толькі фармальна, а фактычна краіна ўжо шмат гадоў не выконвала такія прысуды. Апошняе смяротнае пакаранне ў Ліване адбылося ў студзені 2004 года.

Пасля гэтага ліванскія суды яшчэ выносілі дзясяткі смяротных прысудаў, аднак іх выкананне спынялі або самі прысуды пазней змякчалі. Такім чынам, у краіне фактычна дзейнічаў неафіцыйны мараторый на смяротнае пакаранне, які цяпер замацаваны заканадаўча.

Чытайце таксама:

Замкі ў Ліване і саваны ў Паўднёвым Судане ўключылі ў спіс сусветнай спадчыны пад пагрозай

Ліванская армія прыходзіць на поўдзень краіны пасля вываду ізраільскіх войскаў

Ізраіль і «Хезбала» заключылі пагадненне аб спыненні агню

Каментары да артыкула