БЕЛ Ł РУС

Беларускую спявачку ў Маскве збіў самакатчык

12.08.2026 / 08:30

Арына Жураўская

Абяцаў пералічыць Марго Новік каля $240 у якасці кампенсацыі. У выніку, канешне, проста знік.

Марго Новік. Тут і далей скрыншоты яе інстаграма

Марго Новік — спявачка са Жлобіна. Яе дэбютны альбом — «Эскіз да кахання» — дарэчы, выйшаў у 2020 годзе на беларускай мове.

Пасля артыстка ўдзельнічала ў другім сезоне шоу БТ «Фактар.бай» — была ў камандзе Вольгі Бузавай і заняла трэцяе месца ў фінале.

Цяпер Марго Новік спрабуе скарыць Маскву — прапаноўвае там свае ўрокі вакалу і паслугі прадусавання.

Нядаўна там артыстку збіў самакатчык. Дзяўчына сцвярджае, што яе віны ў інцыдэнце няма: яна ішла павольна з краю тратуара, а мужчына ўехаў ёй у спіну.

Спявачка настолькі разгубілася, што змагла сказаць толькі: «Акуратней трэба ездзіць». Ад шоку яна нават не зразу зразумела, што атрымала траўмы.

Мужчына дапамог ёй падняцца, запісаў нумар тэлефона, паабяцаў перавесці 20 тысяч расійскіх рублёў (каля 240 даляраў) у якасці кампенсацыі і хуценька з'ехаў. Марго ж разгубілася і нават не сфатаграфавала нумар самаката.

Беларуска ж ледзь дайшла да аптэкі, каб набыць нешта і апрацаваць раны. Вынікі яна падвяла ўжо на наступны дзень, калі крыху супакоілася: удары і ранкі па ўсім целе, адкалоўся кавалачак пломбы і зуба, падранае адзенне, сапсаваныя абутак і сумка…

Канечне ж, ніякія грошы незнаёмец пераводзіць не стаў. Марго прыняла рашэнне звярнуцца па медыцынскую дапамогу, а потым разам з юрыстам паехала ў паліцыю. Кажа, што з ёй ужо звязаліся прадстаўнікі мясцовага ДАІ і паведамілі, што знайшлі таго самага самакатчыка.

Чытайце таксама:

Паездка на самакаце абышлася мінчанцы ў 16 тысяч даляраў — столькі давядзецца патраціць на зубы

Настасся Касцюгова зламала нагу — ехала на самакаце па Варшаве, калі насустрач вылецела аўто

Легкавік збіў у Брэсце двух падлеткаў на самакаце

13‑гадовы спявак з Мінска ледзь не загінуў, калі катаўся на электрасамакаце

Каментары да артыкула