Паездка на самакаце абышлася мінчанцы ў 16 тысяч даляраў — столькі давядзецца патраціць на зубы
Дзяўчына пераляцела праз руль электрасамаката і ўдарылася аб вугал тэрасы зубамі.

Непрыемнае здарэнне з Ірынай Вайніцкай адбылося яшчэ ў чэрвені 2024 года. Разам з сяброўкамі яна шпацыравала ў цэнтры Мінска. Калі сабралася дадому, то ўзяла самакат.
«Я была ў самым цэнтры горада, на вуліцы Інтэрнацыянальнай, там, дзе стаіць дадатковае абмежаванне на максімальную хуткасць, і далей я падскочыла на ямцы, на выбаіне, страціла кіраванне, і там была тэраса», — расказала яна ў эфіры АНТ пра тое падзенне.
Дзяўчына пераляцела праз руль электрасамаката і ўдарылася аб вугал тэрасы зубамі. Пацярпеў увесь пярэдні рад зубоў, плюс два зубы выпалі. Наступная аперацыя доўжылася сем гадзін.
«Зубы выйшлі вонкі і іх упраўлялі назад, і для фіксацыі накладвалі металічную шыну. Адзін зуб я страціла ў тую ж ноч, без магчымасці яго вярнуць, яшчэ адзін зуб страціла праз месяц, бо, нягледзячы на шыну, нягледзячы на ўсе намаганні, на жаль, ён не прыжыўся».

Шэсць тысяч даляраў на зубы Ірына ўжо выдаткавала, і яшчэ дзесяць тысяч спатрэбяцца, па яе падліках.
Сама ж дзяўчына змагла ўспрыняць сітуацыю з гумарам і вядзе блог пра сваё аднаўленне.
Цяпер чытаюць
Унікальныя здымкі будаўніцтва Старога моста ў Гродне. Хто фатаграфаваў небяспечныя кесоны, у якіх людзі рызыкавалі на дне Нёмана, каб паставіць апоры? ШМАТ ФОТА
Каментары