БЕЛ Ł РУС

Мікалаю Статкевічу — 70 гадоў

12.08.2026 / 07:43

Nashaniva.com

Ён тройчы быў асуджаны.

Сёння спаўняецца 70 гадоў беларускаму палітыку, экс-палітвязню Мікалаю Статкевічу.

Мікалай Віктаравіч нарадзіўся 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна, што ў Слуцкім раёне. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча (сёння на яго базе — Вайсковая акадэмія), чатыры гады адслужыў у Мурманскай вобласці

У 1991 годзе стварыў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, у 1995 годзе ўзначаліў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада).

Статкевіч быў тройчы зняволены. Першы раз у 2004 годзе, калі атрымаў тры гады за арганізацыю ў Мінску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму.

Потым у 2010 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў. Экс-кандыдат у прэзідэнты браў удзел у акцыі на плошчы Незалежнасці супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Затрыманы 19 снежня 2010 года, як і шэраг іншых кандыдатаў, неўзабаве пасля разгону акцыі. Яго асудзілі на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Выйшаў на волю ў жніўні 2015 года на год раней паводле амністыі Лукашэнкі.

Трэці раз быў арыштаваны 31 мая 2020 года, калі ехаў на пікет Ціханоўскай на Камароўцы ў Мінску. Праз паўтара года быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі асобага рэжыму. Адбываў тэрмін у Глыбоцкай калоніі.

11 верасня 2025 года быў вывезены з турмы разам з іншымі 52‑ма палітвязнямі, але адмовіўся пакідаць Беларусь, застаўся на нейтральнай паласе, праз некалькі гадзін быў затрыманы і вернуты ў калонію. 19 лютага 2026 года быў адпушчаны дамоў у Мінску.

Мікалай Статкевіч застаецца ў Беларусі. Нядаўна ў інтэрв'ю Zeit заявіў, што спробы выціснуць яго з краіны застаюцца марнымі.

«Калі я выйшаў, у мяне не было нават пашпарта, а ён быў патрэбны, каб атрымаць медычную дапамогу. Пазней, калі мне стала лепш, чыноўнікі вярнулі мне пашпарт. Апрача таго, наш дом зносяць. Мы жывём у так званым гарадку навукоўцаў у Мінску, які плануюць перабудаваць, — працэс ідзе ўжо даўно, а пасля майго вызвалення яго яшчэ і паскорылі, што дакладна не выпадковасць. Але ўсе спробы выціснуць мяне з Беларусі былі марныя. Я не пакіну краіну», — сказаў ён.

Чытайце таксама:

Статкевіч: Усе спробы выціснуць мяне з Беларусі былі марныя. Я не пакіну краіну

Статкевіч — амерыканскаму дыпламату на мяжы: Вам патрэбны толькі добры піяр, а я дзеля гэтага павінен адмовіцца ад радзімы?

Статкевіч: Калі зноў пачнуцца масавыя пратэсты, яны ўжо не будуць такімі мірнымі, як у 2020‑м. А ЕС правільна перастаў верыць казкам Лукашэнкі

Каментары да артыкула