БЕЛ Ł РУС

Збанкрутавала фірма, якая хацела ўкласці ў выпуск сухой садавіны паўмільёна даляраў

12.08.2026 / 13:43

Nashaniva.com

Калісьці гэта прадпрыемства лічылася знакавым для цэлага раёна.

Фота: vecteezy.com

У Брэсцкай вобласці Эканамічны суд адкрыў справу аб банкруцтве ТАА «Аграфудындастры». Гэта фірма была створана ў 2016 годзе і планавала запусціць у Ганцавіцкім раёне буйную вытворчасць сухафруктаў і сушанай гародніны. Рашэнне суда заўважыў Office Life.

Калісьці гэта прадпрыемства лічылася знакавым для цэлага раёна. У 2017 годзе яго інвестпраект высока ацэньвалі ў Брэсцкім аблвыканкаме. Паведамлялася, што аб'ём інвестыцый у вытворчасць у Ганцавіцкім раёне складзе 900 тысяч рублёў, або больш за $450 тысяч па курсе на той момант.

Кампанія «Аграфудындастры» планавала арганізаваць буйную вытворчасць сухафруктаў і сушанай гародніны, наладзіць экспарт бульбянога пюрэ і іншай прадукцыі.

Ужо тады інвестар стварыў у райцэнтры 17 новых рабочых месцаў.

Што пайшло не так — дакладна невядома. Але, судзячы па даных дзяржрэестра, у 2018—2019 гадах на прадпрыемстве некалькі разоў мянялі кіраўніка, а ў 2022‑м «Аграфудындастры» апынулася на грані банкруцтва. У дачыненні да фірмы нават завялі справу, але літаральна праз некалькі месяцаў яе спынілі.

Тым не менш вясной 2024‑га ўласнік абвясціў пра ліквідацыю бізнэсу. А праз два гады ліквідатар падаў заяву аб банкруцтве, паколькі на прадпрыемстве па-ранейшаму вісяць значныя даўгі, у тым ліку перад бюджэтам.

Па агучаных у судзе даных, ТАА «Аграфудындастры» вінавата крэдыторам амаль 1,3 мільёна рублёў. З іх па абавязковых плацяжах — больш за 275 тысяч, а доўг перад ФСАН — каля 4,5 тысячы рублёў.

Канчатковы разгляд справы аб банкруцтве запланаваны на 29 кастрычніка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула