БЕЛ Ł РУС

Спецыялісты патлумачылі, чаму дзікім коням было так мёдам намазана на аўтобусным прыпынку ў Валожынскім раёне

12.08.2026 / 19:37

Nashaniva.com

У Налібоцкай пушчы некалькі тарпанападобных коней сталі рэгулярна выходзіць да аўтобуснага прыпынку і кантактаваць з людзьмі. Фота і відэа з жывёламі неаднаразова з'яўляліся ў інтэрнэце. Цяпер гэтых коней змясцілі на каранцін, а пасля плануюць перасяліць на іншае месца, піша БелТА.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: БелТА

Як расказалі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі, тарпанападобныя коні даўно цалкам зніклі з дзікай прыроды Беларусі. У 2019 годзе іх пачалі вяртаць у краіну для аднаўлення папуляцыі і натуральных працэсаў у экасістэмах. Тады з Нідэрландаў у Беларусь прывезлі 151 жывёліну.

Пасля вывучэння розных тэрыторый для іх пасялення найбольш прыдатнай была прызнаная Налібоцкая пушча. Коні добра прыжыліся там і пачалі размнажацца. Цяпер у пушчы налічваецца каля 250 тарпанападобных коней.

Частку жывёл ужо перасялілі ў іншыя месцы. Такія праекты рэалізоўваліся ў Белавежскай пушчы, Спораўскім заказніку, а таксама ў іншай частцы Налібоцкай пушчы — у раёне поймы Заходняй Бярэзіны. Сёлета яшчэ 15 коней пераехалі ў расійскі Татарстан.

Спецыялісты адзначаюць, што гэтыя жывёлы даволі ахвотна ідуць на кантакт з людзьмі, часта з цікаўнасці. Аднак галоўнай прычынай іх набліжэння да населеных месцаў становіцца лёгкая ежа, якую ім прапануюць людзі.

Некаторыя «добразычліўцы» падкормліваюць коней хлебам, садавіной, салодкімі прадуктамі і нават чыпсамі. Такая ежа можа шкодзіць страваванню жывёл, а рэгулярнае падкормліванне змяняе іх натуральныя паводзіны. Паспрабаваўшы ласунак некалькі разоў, коні запамінаюць месца і вяртаюцца туды ў пошуках ежы.

Менавіта так некалькі коней пачалі прыходзіць да аўтобуснага прыпынку. Гэта стварала небяспеку не толькі для саміх жывёл, але і для пасажыраў, а таксама для транспарту, які рухаецца па суседняй дарозе.

Акрамя таго, кантакт дзікіх коней з людзьмі і выхад за межы натуральнага асяроддзя павялічваюць рызыку заражэння вірусамі ды іншымі захворваннямі. Калі інфекцыя трапіць у папуляцыю, яна можа распаўсюдзіцца сярод вялікай колькасці жывёл і нават прывесці да іх масавай гібелі.

Каб не дапусціць такога развіцця падзей, коней, якія прыходзілі да прыпынку, змясцілі на каранцін. Пасля яго заканчэння іх плануюць перасяліць на новую тэрыторыю. Куды менавіта адправяць жывёл, пакуль не вырашана.

Спецыялісты заклікаюць людзей не карміць дзікіх коней. За імі можна назіраць і фатаграфаваць іх, але не варта прывучаць жывёл да чалавечай ежы. У Налібоцкай пушчы для іх дастаткова натуральнага корму, неабходнага для здаровага жыцця.

Чытайце таксама:

Памятаеце мілых дзікіх коней на прыпынку ў Валожынскім раёне? Іх там ужо няма

Дзікія коні ў Валожынскім раёне хаваюцца ад спёкі на аўтобусным прыпынку ВІДЭА

У Валожынскім раёне на пляж прыйшлі дзікія коні ВІДЭА

У Налібоцкай пушчы назіраецца бэбі-бум

Каментары да артыкула