БЕЛ Ł РУС

Праз 20 гадоў тралейбусы вернуцца яшчэ на адзін участак мінскага праспекта Незалежнасці

12.08.2026 / 22:20

Nashaniva.com

У Мінску мяняюцца маршруты некаторых тралейбусаў, паведаміла ўстанова «Сталічны транспарт». І гэта ў пэўнай ступені сімвалізуе вяртанне ранейшай эпохі, заўважыла выданне Blizko.by.

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацсетак Дзяніса Блішча

З 17 жніўня скарачаецца траса тралейбуснага маршруту №30 «Серабранка — Вакзал». Цяпер ён ходзіць вось так.

Як адзначаецца, маршрут скароцяць «у сувязі з нязначным узроўнем пасажырапатоку і дубляваннем іншымі маршрутамі пасажырскага транспарту». І цяпер з боку мікрараёна Серабранка тралейбус пойдзе толькі да прыпынку «Фабрыка Камунарка». Маршруту прысвояць новую назву №30 «Серабранка — Фабрыка Камунарка».

Таксама з 17 жніўня тралейбусы №№61 і 68 «Дыспетчарская станцыя Уручча-2 — Акадэмічная» (у іх адна назва на дваіх, але ездзяць яны рознымі дарогамі) будуць крыху іншым шляхам ісці на канчатковую станцыю. Цяпер яны ходзяць вось такімі маршрутамі.

А з 17 жніўня тралейбусы ад вуліцы Кнорына пойдуць па вуліцы Талбухіна, праспекце Незалежнасці, вуліцы Сурганава ў прамым напрамку; а ў адваротным — па вуліцах Сурганава, Кузьмы Чорнага, Талбухіна і далей па маршруце. Адпаведна, абодвум маршрутам прысвойваецца новая назва «Дыспетчарская станцыя Уручча-2 — Станцыя метро Акадэмія Навук».

Вось па такой схеме цяпер будуць хадзіць тралейбусы.

Такім чынам, тралейбусы вернуцца яшчэ на адзін адцінак праспекта Незалежнасці. У 2002 годзе тралейбусныя правады знялі на ўчастку ад плошчы Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа, а ў 2006‑м знялі і на наступным участку — да вуліцы Філімонава. Пры гэтым тралейбусныя маршруты №№1, 2, якія ішлі па ўсім праспекце Незалежнасці, накіравалі па іншых вуліцах.

Але праз шмат гадоў тралейбусы пачалі вяртаць на праспект. Так, у маі 2021 года замест часовага аўтобуса №921 стаў курсаваць тралейбус №1 з Зялёнага Луга: па праспекце Незалежнасці ён едзе ад вуліцы Каліноўскага да станцыі метро «Маскоўская». А з чэрвеня 2022 года падоўжылі тралейбус №22 ад вуліцы Веры Харужай аж да Лошыцы, так што цяпер «рагатыя» ідуць па ўчастку ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Незалежнасці.

Пасля змянення маршрутаў №№61 і 68 тралейбусы зноў будуць хадзіць па большай частцы праспекта Незалежнасці пачынаючы ад плошчы Незалежнасці і да вуліцы Русіянава ва Уруччы. Без тралейбуснага руху застануцца толькі два адцінкі: ад плошчы Якуба Коласа да вуліцы Сурганава (станцыя метро «Акадэмія Навук»); ад вуліцы Талбухіна (станцыя метро «Парк Чалюскінцаў») да вуліцы Валгаградская (станцыя метро «Маскоўская»).

Праўда, трэба адзначыць, што знятыя тралейбусныя правады на праспект не вернутыя і рабіць гэтага не збіраюцца. Па маршрутах №№1, 22, 61 і 68 ходзяць і будуць хадзіць тралейбусы з павялічаным аўтаномным ходам, якія могуць праехаць некалькі кіламетраў без «рог», толькі на акумулятарах. А вось ад вуліцы Філімонава і да Русіянава над праспектам нацягнутыя тралейбусныя правады.

На карце тралейбусныя адцінкі праспекта Незалежнасці пазначаныя з улікам абнаўлення маршрутаў 17 жніўня:

Чытайце таксама:

З Мінска на пляж — усяго за 7 хвілін. Як мінчукі ляталі на Мінскае мора самалётамі

Мінскі транспарт пяройдзе на аплату карткай да канца года

Чаму мінскія аўтобусы жоўтыя, а тралейбусы — салатавыя? Аказалася, у гэтым ёсць логіка

Каментары да артыкула